Дапамажыце Ірыне Шчаснай у адаптацыі і рэабілітацыі пасля 4 гадоў калоніі
У 2020 годзе Ірына Шчасная была рэдактарам шэрагу тэлеграм-каналаў, асвятляла акцыі пратэстаў да і пасля выбараў. За гэта ў 2021 годзе жанчыне прысудзілі 4 гады пазбаўлення волі. Толькі ў верасні 2024 года беларуска змагла ўз’яднацца з мужам і сынам. Фонд BySol аб’яўляе збор, каб дапамагчы былой палітвязынцы рэабілітавацца.
У калоніі Ірына Шчасная рэгулярна падвяргалася ціску з боку супрацоўнікаў калоніі.
«На мяне складаліся фальшывыя рапарты, накладваліся разнастайныя спагнанні. У выніку гэтага на волю я выйшла з прэвентыўным наглядам, як злосная парушальніца рэжыму. Атрымлівалася, што яшчэ некалькі гадоў маё жыццё будзе падобнае на турму. Было невыносна ад перспектывы зноў жыць па рэжыме і ўвесь час баяцца нешта парушыць, каб не апынуцца ў калоніі. Мне спатрэбілася два дні, каб ацаніць сітуацыю, прыняць рашэнне і пакінуць краіну», — распавядае жанчына.
Беларуска выйшла на волю 29 чэрвеня 2024 года ў свой дзень нараджэння.
«Гэта магло б стаць падвойным святам, але ў той дзень я зусім не адчувала радасці. Пасля некалькіх турэмных гадоў у страху і стрэсе свабода здаецца страшнай і невядомай. Я выйшла з вельмі расхістанай нервовай сістэмай, і да гэтага часу не магу цалкам ачуняць», — дадае спадарыня Ірына.
Спяшаючыся выехаць, яна не паспела забраць са Следчага камітэта свае грошы, адабраныя падчас ператрусу.
«У мяне няма ніякіх асабістых рэчаў, і набыць іх няма магчымасці. Па рашэнню суда ўся мая тэхніка — тэлефоны, камп’ютар — была знішчана і мне хацелася б яе зноў набыць. Мне вельмі патрэбна прывесці ў парадак сваё здароўе, я маю шмат псіхалагічных праблем, якія мне без спецыялістаў ня вырашыць. У чужой краіне я асабліва адчуваю сваю адзіноту, і з мэтай адаптацыі і інтэграцыі планую вучыць польскую мову. Гэта ўсё вымагае грошай, якіх я не маю», — тлумачыць яна сваё рашэнне звярнуцца па дапамогу.
ПАДТРЫМАЦЬ ІРЫНУ
Сума збору — 4500 еўра
€1200 – арэнда кватэры на 2 месяцы.
€1000 – купіць ноўтбук і тэлефон.
€900 – медабследаванне пасля калоніі ў розных дактароў, бо псіхалагічны стан патрабуе працяглы курс тэрапіі, кансультацыю псіхатэрапеўта і, магчыма, медыкаменты.
€800 – адзенне і абутак па сезоне, прадметы першай неабходнасці.
€600 – курсы польскай мовы, каб неяк адаптавацца тут.