«Дачка ляжала на зямлі і крычала: „Я не хачу паміраць, не забівайце мяне!“». Як беларуская журналістка зь дзіцём ратаваліся з Кіева
Паразмаўлялі зь беларускай журналісткай Яўгеніяй Доўгай, якая з дачкой уцякала з Украіны падчас вайны.
Дачка Саша. Фота Яўгеніі Доўгай
«На наступную раніцу каля яе дому ўпаў снарад»
Яўгенія Доўгая — беларуская журналістка. Яна пераехала ў Кіеў празь перасьлед на радзіме. Цяпер ёй давялося ўцякаць з‑пад куляў разам з 10-гадовай дачкой Сашай.
Яўгенія з дачкой Сашай
Першае, што адказвае Яўгенія на пытаньне, як яна: «Не мачуся ў штаны. Гэта ўжо добра, бо было нават і такое ад нэрваў і страху. Ледзь-ледзь сплю. Але і гэта, напэўна, ужо лепш».
Яўгенія апавядае, што ў ноч з 23 на 24 лютага зусім ня спала, была вельмі ўстрывожаная.
«Я маніторыла навіны, і як толькі Пуцін сказаў, што пачынае ваенную апэрацыю, то як па пстрычцы, як па будзільніку пачаліся выбухі па ўсім Кіеве. Спачатку я думала, што гэта нейкі салют, але потым зразумела, што гэта сапраўдныя выбухі».
Яўгенія Доўгая
Станцыі кіеўскага мэтро сталі бамбасховішчамі, мэтро спыніла перавозку людзей. А 5‑й раніцы Яўгенія пачала шукаць квіткі хоць куды-небудзь, каб зьехаць з дачкой.
«Усе проста ў адно імгненьне разабралі. Выбухі былі рэдкія, але вокны дрыжалі. Наш дом выходзіў на акружную дарогу, быў бачны велізарны затор на выезьдзе з гораду. У Кіеве жыве мая цётка, я пачала званіць ёй, прасіла адвезьці нас у Львоў, да мяжы ці хаця б да мэтро, каб мы схаваліся, бо бамбасховішчы ў нашым раёне ненадзейныя. Цётка абяцала дапамагчы, але ўвечары сказала, што зьяжджае з гораду зь сям’ёй і ў машыне няма месца. І на наступную раніцу каля яе дому ўпаў снарад», — апавядае Яўгенія.
«У нас з Сашкай была інструкцыя, што ў выпадку абстрэлу я яе павінна закрыць»
Наступную ноч Яўгенія зноў не спала. Яна разабрала ложак, закрыла матрацамі вокны ў пакоі, а іншыя заляпіла скотчам, каб аскепкі не разьляталіся ад выбуху.
«Мы з Сашкай спалі бліжэй да калідору, нашы суседзі адкрылі склеп, каб у выпадку трывогі мы спускаліся туды. Гэта была жудасная ноч, камэнданцкая гадзіна, страшна: цішыня вакол і ты чуеш грукат тракаў, бо танкі едуць пад тваім вакном. Сашка трохі паспала, я больш была ў дрымоце, прыслухоўвалася да ўсяго, выходзіла да суседзяў».
Яўгенія разумела, што нельга надоўга заставацца ў кватэры і трэба ехаць да бліжэйшай станцыі мэтро.
У мэтро
«Я выбегла на дарогу і стала крычаць усім машынам: „Падвязіце нас!“. Мужчына давёз нас да мэтро, там я пабачыла мноства добраахвотнікаў, якім раздавалі зброю. На станцыях людзей было менш, але ўсе зь дзецьмі малымі, сабакамі, катамі, рыбкамі. Хтосьці нават намёты ставіў наўпрост у мэтро. Сашы было вельмі трывожна. Потым нам пазванілі з Free Belarus Centre і сказалі, што на „Жытомірскай“ будзе стаяць аўтобус, на якім можна даехаць да польскай мяжы».
«Вакзал — самае страшнае месца»
Жанчына зь дзіцём і валізкамі пайшла праз горад, каб пасьпець на аўтобус. Яўгенія кажа, што было вельмі страшна выяжджаць з Кіева — вакол стаялі танкі, шмат расстралянай тэхнікі.
«З Кіева да мяжы мы ехалі 23 гадзіны. Я спэцыяльна села ля вакна, у нас была з Сашкай інструкцыя, што ў выпадку абстрэлу я яе павінна закрыць. Я ня спала, глядзела ў вокны. Калі сьветла, ты неяк кантралюеш сытуацыю, а ў цемры ты ня ведаеш, адкуль і што можа прыляцець. Гэта было вельмі страшна».
Сям’я даехала да памежнага пераходу «Шэгені», але ён быў закрыты, бо перапоўнены: чаргі чакалі больш за 3000 чалавек. Яўгенію з Сашай падвезьлі на чыгуначны вакзал у Львове — там мелі быць цягнікі на Польшчу.
«На вакзале было поўнае адчуваньне вайны. Было настолькі трывожна, здавалася, што ў цябе прыляціць снарад. Усе людзі сварыліся, штурхаліся. Як падышоў цягнік, пачалася жудасная цісканіна, людзі моцна плакалі, крычалі, кідалі свае валізкі на пэроне, на рэйкі. Дзеці падалі, па іх тапталіся людзі. Яшчэ падчас усяго гэтага страшна страціць рэчы, бо ўсё крадуць, зрываюць зь цябе торбы, прыгожыя, яркія валізкі, куды людзі ўклалі сваё жыцьцё, кідалі на плятформе і на рэйках. Бралі толькі самае дарагое. Пасьпявалі толькі пераноску з катом ці сабакам узяць і заскочыць у вагон», — апавядае Яўгенія.
Ад самага ранку яны чакалі на вакзале магчымасьці сесьці ў цягнік. Але абвясьцілі, што наступны цягнік затрымліваецца.
«10‑я раніцы, 12‑я раніцы, і аб’яўляюць, што цягнік не прыедзе. І тут Саша пачала крычаць: „Ты мяне падманула! Ён не прыедзе!“, — згадвае Яўгенія.
Саша ляжала на зямлі, крычала: „Я не хачу паміраць, не забівайце мяне! Я нічога не зрабіла, не забівайце мяне! Я вас прашу“».
Яўгенія стала тэрмінова шукаць жытло ў Львове, каб перачакаць і супакоіць дачку, у якой здарыўся нэрвовы зрыў. Пакуль яны заставаліся ў горадзе, там безупынна абвяшчалі паветраную трывогу, усе хаваліся ў бамбасховішчы.
«Людзі ацэньвалі, як хутка і куды ракета даляціць, рыхтавалі кактэйлі Молатава наўпрост у бамбасховішчы. Але ўсё роўна вакзал — самае страшнае месца. Там усім пляваць, што ў цябе дзіця, усе ратаваліся як маглі. Старых штурхалі, усе крычалі, у дзяцей былі панічныя атакі, і па іх тапталіся мужчыны».
«Да беларусаў рэзка сталі дрэнна ставіцца»
З дапамогай сяброў Яўгенія з Сашай трапілі ў аўтобус да Кракава, на якім рэлякавалі айцішнікаў.
«Мы зноў ехалі больш за содні. Падбіралі людзей зь дзецьмі, якія ішлі пешшу. Бачылі, што ля кожнага ўезду ў вёску стаяць барыкады. Украінцы будуць бараніць свае землі. Яны рыхтуюць супрацьтанкавыя „вожыкі“, робяць зь бярвеньня барыкады, стаяць скрыні з кактэйлямі Молатава. Жанчыны ў намётах гатуюць палявую ежу для сваіх мужчын і частуюць людзей, якія затрымаліся ў чэргах. Людзі ўсюды з аўтаматамі Калашнікава».
Яўгенія прызнаецца, што на мяжы адчула сапраўдную варожасьць, калі памежнік убачыў яе беларускі пашпарт.
«Я адразу дастала ўсе дакумэнты пра мае затрыманьні, стала гучна казаць: „Я ў 2020‑м зьехала, вось што са мной зрабіў Лукашэнка“. Прачытала свае дакумэнты памежніку, ён паставіў штамп у пашпарт. Польскую мяжу мы прайшлі адразу. Памежнікі сталі ўхутваць Сашку ў коўдру, даваць цёплую ежу, бутэрброды, гарбату, какаву. Вельмі шмат валянтэраў стаяла.
Але агулам да беларусаў рэзка сталі дрэнна ставіцца. Я ня ведаю, як мы адмыемся. Украінцы не разумеюць, як так, чаму ад нас гэта ляціць. Я тлумачыла, што ў нас два гады тэрору, і што людзі выйшлі на выходных — гэта подзьвіг. Але яны не разумеюць абсалютна», — кажа Яўгенія.
«Ад страху ў мяне зьявіўся энурэз»
Цяпер Яўгенія з Сашай жывуць у знаёмых, шукаюць жыльлё.
«Пакуль нас прытулілі, накармілі гарачай ежай, я схадзіла ў гарачы душ. Сашцы ўжо лепш, а я ў поўнай разгубленасьці. Я вельмі баялася, ад страху ў мяне зьявіўся энурэз. Я і так была на антыдэпрэсантах, але мяне агледзеў лекар, выпісаў мацнейшыя таблеткі, сказаў, што гэта ўсё пройдзе».
У Кіеве ў Яўгеніі засталіся рэчы, частка грошай па дарозе згубілася разам з торбай. Банкаўскую картку ёй заблякавалі.
«Я ў тэхнічную падтрымку банку напісала: „У мяне на карце 200 эўра, калі вы іх разблякуеце, калі ласка, адпраўце ўкраінскаму народу. Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне!“», — усьміхаецца Яўгенія, — Мы ж яшчэ і сьлімака з сабой пацягнулі нашага! А ўвогуле, у нас засталося вельмі шмат рэчаў у Кіеве. Тэлефанавала гаспадыня нашай кватэры, сказала, што раён падбамбілі моцна, павыляталі вокны, машыны спаленыя«.
Яўгенію з дачкой можна падтрымаць грашыма. Падрабязнасьці тут.
«Цяпер Саша пайшла да псыхатэрапэўта, а сёньня будзе слухаць Маляваныча, — кажа Яўгенія. — Але мы ў бясьпецы, гэта самае важнае, што можа быць. Я была гатовая ісьці пешшу, я б зьняла зь сябе ўсе рэчы і надзела б на дзіця, толькі б уратавацца. Там страх, ты ня ведаеш, калі і што ў цябе прыляціць, бясконцая паветраная трывога, выбухі. Гэта жудасна. Гэта такая бессэнсоўная вайна».
«Нам трэба ўсімі сіламі паказаць, што мы супраць вайны, бо інакш мы ніколі ў жыцьці не адмыемся»
Яўгенія кажа, што вельмі захапляецца ўкраінцамі.
«Які ў іх цьвёрды дух, яны нізавошта не аддадуць сваю зямлю. Нават пажылыя людзі гатовыя змагацца да самага канца на сваёй зямлі. Напэўна, восем гадоў вайны вельмі моцна іх загартавалі, гэта ўзрушвае. Я вельмі ганаруся гэтымі людзьмі. Яны для мяне — прыклад сілы і адвагі. Гэта найлепшыя людзі зямлі цяпер», — кажа яна.
Таксама Яўгенія зьвяртаецца да жанчын і просіць не адпраўляць беларускіх мужчын на вайну з Украінай.
«Не адпраўляйце нікога з сваіх мужчын на гэты жах. Хавайцеся дзе заўгодна, бо дакладна будзе мабілізацыя. Мамам вайскоўцаў хачу сказаць: дзеля чаго будуць гінуць людзі? Дзеля Пуціна і Лукашэнкі? Прыляціць і адказ тады, як Зяленскі сказаў. І гэта будзе справядліва, — кажа Яўгенія. — Нават калі вы ўжо на тэрыторыі Ўкраіны, бяжыце адтуль, здавайцеся ў палон, усё што заўгодна. Але толькі ні ў якім разе ня ўдзельнічаць у гэтым. Трэба проста бачыць вочы людзей, якія сядзяць у бамбасховішчах. Тое, што я перажыла, гэта яшчэ найлягчэйшы варыянт. А што людзі ў Харкаве адчуваюць? У Марыюпалі? Нам трэба цяпер усімі сіламі паказаць, што мы супраць вайны, бо інакш мы ніколі ў жыцьці не адмыемся, будзем як гітлераўская Нямеччына. Гэта бессэнсоўная вайна».