Да 50 базавых за сюжэт для «Белсата» — яшчэ адну магілёўскую журналістку будуць судзіць
Магілёўскую журналістку Дар’ю Чульцову збіраюцца прыцягнуць да адказнасці паводле ч. 2 арт.22.9 КаАП — нібыта за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.
19 сакавіка супрацоўнікі міліцыі спынілі журналістку ў двары каля дома, дзе яна жыве, і ўручылі позву з патрабаваннем з’явіцца ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва 20 сакавіка.
Сёння Дар’я Чульцова наведала РАУС, і старшы ўчастковы інспектар Аляксандр Волкаў склаў на яе пратакол аб парушэнні заканадаўства аб СМІ. Як і меркавала журналістка, падставай для адміністрацыйнага пераследу стаў яе ўдзел у асвятленні акцыі супраць павышэння коштаў на бензін, якая праходзіла 8 лютага каля гіпермаркета “Е‑сіці” ў Магілёве.
Міліцыянт таксама уручыў Чульцовай позву з патрабаваннем з’явіцца ў суд Кастрычніцкага раёна Магілёва 24 сакавіка ў 10.30 раніцы. На гэты час запланаваны разгляд яе адміністрацыйнай справы.
27 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва павінен адбыцца разгляд справы журналіста Міхаіла Аршынскага. Адміністрацыйны пратакол на яго склалі за відэаздымку ўсе той жа акцыі пратэсту супраць падвышэння коштаў на бензін.
Праваабаронца Барыс Бухель параіў журналістам звярнуцца ў Кастрычніцкі райсуд з хадайніцтвам, каб іх справы аб’ядналі і даручылі разглядаць аднаму суддзі. Ці адрэгуе суд на просьбу журналістаў, пакуль не зразумела.
Нагадаем, што сёння суд Ленінскага раёна Магілёва пакараў штрафамі ў памеры 50 базавых велічынь фрылансераў Аліну Скрабунову і Аляксандра Сідарэўскага. Крыху раней за працу без акрэдытацыі іх аштрафаваў Кастрычніцкі райсуд Магілёва. Ва ўсіх выпадках журналістам ставілася ў віну парушэнне ч. 2 арт.22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь.