CPJ асудзіў адабранне даменаў у беларускіх незалежных медыяў
Міжнародны Камітэт абароны журналістаў (CPJ) рашуча асудзіў адабранне даменаў .by у беларускіх незалежных медыяў і звярнуўся па каментары ў Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце і ICANN.
CPJ выступіў з заявай, у якой рашуча асуджае рашэнне беларускіх уладаў пра адабранне даменных імёнаў у незалежных медыяў, а таксама заклікае пакласці канец выкарыстанню заканадаўства аб экстрэмізме ў якасці інструмента цэнзуры.
«Пазбаўленне незалежных СМІ іх даменных імёнаў — і пазбаўленне беларускай грамадскасці важнай інфармацыі — гэта бязлітасная форма цэнзуры. Пасля турэмнага зняволення або выгнання незалежных журналістаў і глушэння крытычна настроеных СМІ беларускія ўлады спрабуюць здушыць свабодны паток інфармацыі ў інтэрнэце, выкарыстоўваючы сваё ганебнае заканадаўства аб экстрэмізме», — заявіла каардынатарка Камітэта ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі Гульноза Саід.
CPJ адзначае, што ў Беларусі назіраюцца беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі ў дачыненні да СМІ. Па дадзеных на 22 красавіка 2024 года як мінімум 20 навінавых вэб-сайтаў пасля загаду ААЦ паказалі паведамленне аб тым, што рэсурс недаступны. У 2023 годзе беларускія ўлады анулявалі даменныя імёны трох незалежных СМІ — ex-press.by, «Брестской газеты» і Tut. by, а таксама даменнае імя Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Reform.by, вядомы сваімі расследаваннямі, і «Медыя-Палессе» заявілі, што атрымалі лісты ад ААЦ з апавяшчэннем, што даменныя імёны іх сайтаў будуць ануляваныя 15 красавіка.
Галоўны рэдактар «Медыя-Палессе» Святлана Гарда ў каментары CPJ адзначыла, што гэты крок стаў «яшчэ адным ударам па незалежным СМІ, доказам таго, што чытачоў пазбаўляюць права на атрыманне аб’ектыўнай інфармацыі». Паводле яе словаў, колькасць наведвальнікаў «Медыя-Палесся» толькі зараз набліжаецца да тых паказчыкаў, якія былі да блакіроўкі сайта ў верасні 2021 года.
«Мы амаль дасягнулі ранейшых лічбаў, і вось новы ўдар», — сказала яна.
Галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка распавёў CPJ, што выданню давядзецца пастарацца, каб усе яго чытачы ведалі, што яно пераехала на новы інтэрнэт-адрас.
«Важнейшае тут тое, што беларускія ўлады парушылі міжнародныя абавязацельствы па справядлівым размеркаванні нацыянальных даменных імёнаў. На такія дзеянні павінна быць рэакцыя не толькі з боку калег-журналістаў, але і з боку міжнародных арганізацый, якія кіруюць інтэрнэтам», — сказаў Фёдар Паўлючэнка, маючы на ўвазе ICANN, некамерцыйную арганізацыю, якая адказвае за кіраванне даменнымі імёнамі.
На думку намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага, сродкі масавай інфармацыі, чыё даменнае імя было анулявана, хутчэй за ўсё, убачаць падзенне паказчыкаў аўдыторыі, паколькі чытачы не змогуць знайсці старыя вэб-сайты, якія яны дадалі ў закладкі, а пошукавыя сістэмы, такія як Google, прасоўваюць вышэй вэб-сайты з гісторыяй, чым новыя.
CPJ накіраваў электронныя лісты ў Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце РБ і ICANN з просьбай пракаментаваць сітуацыю. Арганізацыя не атрымала аператыўнага адказу.