Зняволенага відэааператара Паўла Падабеда МУС уключыла ў спіс «экстрэмістаў»
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўнесла асуджанага да пазбаўлення волі відэаператара-фрылансера Паўла Падабеда ў спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці. Запіс у «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» на сайце сілавога ведамства датаваны 6 кастрычніка.
Сёлета 30 чэрвеня Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Паўла Падабеда да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Яўген Пісарэвіч прызнаў журналіста вінаватым паводле ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім».
Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Падабеда абвінавацілі ў дачыненні да стварэння відэасюжэтаў «пратэснага кантэнту», якія былі паказаныя на тэлеканале «Белсат».
Падчас судовага працэсу стала зразумела, што тэлефон Паўла Падабеда праслухоўваўся і што сілавікі мелі доступ да ягонага ліставання ў месенджарах.
Журналіст сваёй віны не прызнаў і спрабаваў абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе. 22 верасня суддзя Вярхоўнага суда Юрый Руткоўскі, разгледзеўшы апеляцыйную скаргу, пакінуў гэты вырак без зменаў.
Нагадаем, Паўла Падабеда затрымалі 20 студзеня 2023 года, калі ён выправіўся на пошту зрабіць камунальныя плацяжы. У той жа дзень у яго кватэры сілавікі правялі ператрус, забралі камп’ютарныя носьбіты інфармацыі, мабільныя тэлефоны, а таксама прафесійную відэакамеру.
Незадоўга да затрымання Павел атрымаў візу адной з еўрапейскіх краін і планаваў на нейкі час выехаць за мяжу. Квіток на выезд быў набыты на 21 студзеня.
Першапачаткова праваахоўнікі на падставе старых рэпостаў у сацсетках дзесяцігадовай даўніны абвінавацілі журналіста ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Суд прызначыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту (паводле арт. 19.11 КаАП). Але напярэдадні меркаванага вызвалення Падабеда забралі на допыт, пасля чаго перавялі ў СІЗА‑1. І ўжо там інкрымінавалі арт. 361–1, ч. 3 КК — «уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фармаванні)».
Праваабарончая супольнасць прызнала Паўла Падабеда палітычным вязнем і звязала пераслед з прафесійнай дзейнасцю.
Чытайце яшчэ:
«Чем вагнеровец, пришедший убивать людей в Бахмут, отличается от террориста из ХАМАСа?» Интервью с ведущим израильского радио
Вайна скончыцца. Калі-небудзь. У нашых фэйсбучных баталіях. Барыс Гарэцкі пра ўражанні ад паездкі ў Кіеў
Пракуратура Брэсцкай вобласці пахвалілася, колькі інфармацыйных рэсурсаў прызналі «экстрэмісцкімі»