Зміцер Казакевіч адбыў трое сутак пад вартай, але суд па ягоных справах не завершаны
Суддзя Першамайскага раёна Віцебска Міхаіл Юрчанка 28 кастрычніка вярнуў у міліцыю на дапрацоўку адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя ў дачыненні да журналіста Змітра Казакевіча.
Справы журналіста-фрылансера, якога вінавацяць у непадпарадкаванні міліцыянтам і ў супрацы з замежным СМІ без акрэдытацыі, разглядалася судом у анлайн-рэжыме праз Skype. Разгляд распачаўся роўна за дзесяць хвілін да таго, як сканчаліся 72 гадзіны, цягам якіх абвінавачанага ў адміністрацыйным правапарушэнні можна ўтрымліваць за кратамі да суду.
Родным і калегам, якія сустракалі журналіста каля СІЗА, ён распавёў, што за паўтары гадзіны да гэтага да яго ў камеру прыйшлі супрацоўнікі Першамайскага РАУС, каб скласці пратаколы для судовай справы.
Паводле Казакевіча, міліцыянты вельмі спяшаліся, таму інфармацыя ў іх дакументах не адпавядае рэчаіснасці: нібыта 25 кастрычніка падчас акцыі мірнага пратэсту з 14.15 да 16.40 Казакевіч працаваў без акрэдытацыі ў якасці журналіста на праспекце Фрунзэ, а ўжо ў 16.45 апынуўся на другім краі горада — на Маскоўскім праспекце, дзе “не падпарадкаваўся законным патрабаванням старэйшага ўчастковага Булыні, адмовіўся прайсці ў службовы аўтамабіль, упіраўся, намагаўся ўцячы”.
Зміцер кажа, што 25 кастрычніка яго затрымлівалі сямёра невядомых у цывільным, якія не назваліся, не паказалі пасведчанняў, а проста падбеглі да яго, атачылі з усіх бакоў і сказалі: “У нас ёсць да вас пытанні”. Відавочцы таксама сцвярджаюць, што ніякага непадпарадкавання з ягонага боку не было — што ён пайшоў у міліцэйскае аўто спакойна. Сведкі затрымання кажуць, што невядомая відавочна палявалі менавіта на журналіста, бо іншых людзей, якія былі побач, чапаць не сталі.
Падчас затрымання ў Змітра Казакевіча адабралі мабільны тэлефон — сказалі, што будуць шукаць у ім доказы ягонай незаконнай журналісцкай дзейнасці.
Два тыдні таму падчас агляду ў яго кватэры міліцыянты забралі ўсю аргтэхніку, неабходную для працы. У перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў журналіста, які супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат”, затрымлівалі чатыры разы: то нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных масавах мерапрыемствах, то за працу без акрэдытацыі з замежным СМІ.