Зісер на “Дзелавым інтэрнэце”: Калі ты створыш паспяховы бізнес, яго адбяруць, калі стратны — цябе пасадзяць
У Мінску адкрылася ўжо 11-ая па ліку канферэнцыя “Дзелавы інтэрнэт”, якая штогод збірае вакол сябе вядучых аналітыкаў і менеджараў кампаній, што працуюць у галіне інфармацыйных тэхналогій.
Арганізатарам канферэнцыі традыцыйна выступае TUT.BY. У кулуарах мы паразмаўлілі з яго заснавальнікам Юрыем Зісерам пра канферэнцыю, удзел у ёй афіцыйнага Мінска і лібералізацыю заканадаўства, пра якую традыцыйна гавораць удзельнікі.
— За 11 гадоў склад удзельнікаў “Дзелавога інтэрнэта” шмат разоў змяняўся. Для каго ладзіцца сёлетняя канферэнцыя?
— “Дзелавы інтэрнэт” — гэта канферэнцыя для прафесіяналаў. Прыкладна траціна ўдзельнікаў мае дачыненне да прадпрымальніцтва. Гэта — дырэктары і менеджары ІТ-прадпрыемстваў, прадпрымальнікі. Таксама ўдзельнікі “ДІ” — эксперты ў галіне інтэрнэту, ІТ-тэхналогій — людзі і кампаніі, якія задаюць асноўныя трэнды ў гэтай сферы ў нашым рэгіёне.
— Усе 11 гадоў “Дзелавы інтэрнэт” праводзіць прыватная кампанія. Афіцыйны Мінск не выходзіў на вас з прапановаю далучыцца да арганізацыі?
— Я б канешне марыў, каб беларускія ўлады праводзілі ў Мінску такія глабальныя мерапрыемствы па інтэрнэце, ІТ-тэхналогіях, кшталту CeBIT у Гановеры. Але пакуль такога няма. Праўда, у маі ў Мінску пад патранажам дзяржавы праходзіла рэгіянальная канферэнцыя IGF. У нашай сітуацыі, калі чыноўнікі як агню баяцца кантактаваць з прыватнікам, гэта ўжо прагрэс. Але ніколі ўлады не звярталіся да нас, каб сумесна нешта арганізоўваць. Праўда сёння тут у залі прадстаўнікі дзяржавы ёсць.
— У сваім вітальным слове на пачатку канферэнцыі вы шмат крытыкавалі ўлады. Акрэсліваючы беларускі бізнес-клімат, прывялі словы знаёмага: “У Беларусі, калі ты створыш паспяховы бізнес, яго адбяруць, калі стратны — цябе пасадзяць”. Не баіцеся, што ўлады на вас пакрыўдзяцца?
— Канешне, будуць незадаволеныя. Але я нікога не абражаю, не прыніжаю. Я абмяркоўваю не людзей, а праблемы дзяржаўнага маштабу. Наколькі я ведаю, за саму крытыку ніколі нікому нічога кепскага не было, калі менавіта крытыкуеш, а не абражаеш.
— Калі цвяроза ацэньваць рэчаіснасць, у бліжэйшай будучыні Вы бачыце нейкую лібералізацыю бізнес-клімату, у тым ліку ў ІТ-сферы?
— Я спадзяюся на лепшае, бо ў гэтым годзе заканадаўцы ўжо пераглядалі крымінальны артыкул за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць і зменшылі па ёй санкцыі (смяецца). Я ж выступаю за тое, што гэтага артыкула наогул не павінна быць. На дадзены момант беларускія ўлады гэтым артыкулам вельмі моцна злоўжываюць. Саджаюць людзей “па законе”, але збоку абсалютна зразумела, што пакаранне зусім не адпавядае стратам, якія нанёс той ці іншы чалавек. Я думаю, што калі шмат і часта пра неабходнасць пераменаў казаць, яны адбудуцца. Ва ўладзе ж не дурні павінны сядзець, яны павінны разумець, што пакуль мы не пазбавімся ад гэтых дзікіх арыштаў, ніякіх інвестыцый у Беларусь чакаць не варта. Калі паглядзець, то ўжо паўгода мы не чулі пра арышты бізнесоўцаў у ІТ-сферы. Мне падаецца, што ранейшыя гісторыі крыху ацвярэзілі коршунаў і яны зразумелі, што так, як з Пракапенем, рабіць усё ж не варта.
— Ну, і канешне ж, якая практычная карысць ад “Дзелавога інтэрнэту”?
— “Дзелавы інтэрнэт” — пляцоўка, на якой мы гаворым пра найноўныя тэхналогіі, трэнды. Але гэта выдатная пляцоўка і для знаёмстваў, а за імі ідзе заключэнне канкрэтных кантрактаў, стварэнне новых ІТ-прадуктаў. Таму мы вельмі рады, што ў гэтым годзе на канферэнцыю зарэгістравалася так многа людзей.