Журналісты Харытонава і Ляўчук засведчылі цялесныя пашкоджанні, якія ім нанеслі міліцыянты ў цывільным падчас затрымання ў Кобрыне
Судова-следчая экспертыза засведчыла лёгкія цялесныя пашкоджанні (гематомы) у журналістаў Міланы Харытонавай і Алеся Ляўчука.
Накіраванне на экспертызу выдаў Следчы камітэт, бо туды журналісты падалі заяву з просьбай:
- завесці крымінальную справу па артыкулах 198 і 126 ч. 3 КК Беларусі ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, якія 2017-03-18 у цывільным адзенні не прадстаўляючыся з прымяненнем фізічнай сілы і абразаў выцягнулі Мілану Харытонаву з аўтамабіля, затрымалі і даставілі ў Кобрынскі РАУС;
— завесці крымінальную справу па артыкуле 425 ч. 2 КК Беларусі ў дачыненні да супрацоўніка ДАІ, які 2017/03/18 не спыніў супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія Мілану Харытонаву і Алеся Ляўчука затрымалі ў грубай форме;
- устанавiць і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, якія здзейснілі супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да Міланы Харытонавай і Алеся Ляўчука.
Фота Міланы Харытонавай
“Мы з Леўчуком зрабілі экспертызу. Прайшоў час і фактычна апроч сінякоў ужо нічога не засталося з слядоў брутальнага затрымання. Але тым не менш, мы хочам вынікі экспертызы далучыць да заяў у Следчы камітэт і пракуратуру. Хай разбіраюцца як склалася такая сітуацыя”, — гаворыць Мілана Харытонава.
Нагадаем, здымачная група «Белсату» 18 сакавіка ехала ў Кобрын з Брэста і была затрыманая ДАІ.
«Калі мы спыніліся, на нас наляцела 6–8 асобаў. Яны не прадставіліся. Гэта былі працаўнікі аддзела па барацьбе з наркотыкамі. Яны пачалі нас выцягваць з аўта, — распавёў Алесь Ляўчук. — Разбілі нам усю тэхніку».
У Кобрынскім РАУСе міліцыянты склалі на Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву пратаколы за «непадпарадкаванне міліцыі» і «парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі».
Супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі ў нашых калегаў разбітую тэхніку і пагражалі забойствам.
«Яны нас паабяцалі забіць», — кажа Алесь.