Журналістку Марыю Грыц аштрафавалі, але так і не адпусцілі з ІЧУ
Журналістку Марыю Грыц 28 верасня суд Заводскага раёна Мінска аштрафаў на 20 базавых велічынь (пратакол за парушэнне арт. 23.34 КаАП). Але на волю яна так і не выйшла.
Яе мужу ў ізалятары на Акрэсціна паведамілі, што на Марыю склалі яшчэ адзін пратакол і заўтра яе зноў будуць судзіць.
На ноч журналістка застаецца на Акрэсціна.
У Марыі — маленькая дачка. І, паводле заканадаўства, журналістку не могуць пакараць арыштам. Тым не менш яна больш за двое сутак знаходзіцца ў ізалятары.
Затрыманую 26 верасня журналістку МБХ-медыя Анастасію Альшанскую аштрафавалі на пяць базавых велічыняў і адпусцілі з ізалятара. Пратакол па арт 23.34 КаАП.
У Горадні пасля сутак у ізалятары на волю выйшаў галоўны рэдактар партала newgrodno.by Ігар Бублікаў (Рэмзік). Учора падчас акцыі пратэсту Ігар быў затрыманы АМАПаўцамі. Ён асвячаў падзею і працаваў у камізэльцы «Прэса», сілавікі сарвалі з Ігара камізэльку, потым завялі яго ў аўтазак. На журналіста склалі пратакол па артыкуле 23.34 (Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), 1 кастрычніка будзе суд.
Затрыманую ў суботу, 26 верасня, журналістку Алену Доўнар сёння так і не судзілі. Яна па-ранейшаму на Акрэсціна. У суботу пасля асвятлення жаночага маршу яна была ў Кастрычніцкім РАУС, але 28-га яе справа ў суд не паступіла. Заўтра адвакат зноў будзе дзяжурыць у судзе.
Невядомы лёс затрыманых сілавікамі журналістаў Уладзіміра Лапцэвіча (Магілёў), Артура Пагасяна (Мінск).