Журналіста з Драгічына выклікалі ў Следчы камітэт наконт абразы Лукашэнкі
Раніцай 7 снежня карэспандэнта інтэрнэт-сайта “Першы Рэгіён” Сяргея Гардзіевіча позвай выклікалі ў Драгічынскі раённы аддзел Следчага камітэта. Падставай для гэтага нібыта з’явілася паведамленне ў адным з Viber-чатаў, у якім маглі ўтрымлівацца зняважлівыя словы на адрас кіраўніка Беларусі.
“Мне паведамілі, што ідзе праверка паводле гэтага факта, агледзелі тэлефон, з якім я прышоў да следчых, але на ім нават не ўсталяваны Viber”, — распавёў Сяргей Гардзіевіч службе маніторынгу ГА “БАЖ”.
Журналіст кажа, што больш ніякіх падрабязнасцяў не ведае, бо са слоў супрацоўнікаў Следчага камітэта вынікае, што праверка толькі пачалася.
На думку Сяргея Гардзіевіча, нагодай для праверкі можа быць нейкае паведамленне ў мясцовым чаце, напісанае яшчэ напачатку верасня, і следчыя спрабуюць высветліць, ці мае журналіст дачыненне да гэтага паведамлення (яно ўжо выдаленае з чата).
Журналіст не выключае, што неўзабавае могуць зладзіць ператрус у яго кватэры, каб агледзець іншыя тэлефоны і камп’ютар, дзе ўсталяваная прылада Viber, спраўдзіць перапіску ў чатах.
“Перад Следчым камітэтам, як я разумею, ёсць задача высветліць, хто напісаў тое паведамленне. Але таксама ўзнікае пытанне, якія будуць высновы экспертызы наконт таго, ці з’яўляецца змешчаны, а цяпер ужо выдалены тэкст, абразай”, — кажа Сяргей Гардзіевіч.