• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста Паўла Падабеда пачнуць судзіць 28 чэрвеня

    На сайце Вярхоўнага суда з’явілася абвестка пра пачатак працэсу над відэааператарам Паўлам Падабедам. Першае пасяджэнне запланаванае на 10.00 раніцы 28 чэрвеня ў Мінскім гарадскім судзе.  

    Як вынікае з апублікаванага анонса, журналіста, які раней супрацоўнічаў з шэрагам незалежных СМІ, абвінавачваюць на падставе ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса — «стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім».

    Санкцыя прадугледжвае абмежаванне волі да 4 гадоў або накіраванне ў калонію на тэрмін ад 2 да 6 гадоў.

    На працэс прызначаны суддзя Мінгарсуда Яўген Пісарэвіч, які з’яўляецца сталым удзельнікам палітычных працэсаў, пачынаючы ад пратэснага 2020 года.  

    Пакуль пазначана, што разглядаць матэрыялы справы будуць у адкрытым фармаце. Але, як сведчыць практыка папярэдніх «экстрэмісцкіх» працэсаў, звычайна пракуратура адразу ж хадайнічае пра закрыты рэжым слуханняў.

    Раней Беларускай асацыяцыі журналістаў стала вядома, што менавіта Мінгарсуд працягнуў знаходжанне Паўла Падабеда пад вартай да 26 чэрвеня.

    За кратамі фрылансер ужо хутка як паўгода. На волю ён паведаміў, што ў адносінах да яго мера стрымання ў мінскім СІЗА № 1 аўтаматычна «абнулялася» 3 чэрвеня, таму матэрыялы справы спешна перадалі ў суд, які са свайго боку перагружаны справамі і зацікаўлены толькі ў адным — як мага хутчэй здаць справу ў архіў. Тады і стала зразумела, што фігуранта асудзяць ужо да канца месяца.  

    Нагадаем, Паўла Падабеда затрымалі 20 студзеня 2023 года. На падставе старых рэпостаў у сацсетках за 2012 год праваахоўнікі абвінавацілі яго ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» — нягледзячы на тое, што на той момант падобных статусаў у незалежных медыярэсурсаў папросту не існавала.

    Першапачаткова суд пакараў журналіста 15 суткамі арышту паводле адміністрацыйнага артыкула 19.11 з адбыццём у ІЧУ Мінскага раёна. Але напярэдадні меркаванага вызвалення яго забралі на допыт, пасля чаго перавялі ў следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. І ўжо там інкрымінавалі арт. 361–1, ч. 3 КК — «уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фармаванні)».

    Паводле наяўных звестак, маральна Павел Падабед падрыхтаваны да несуцяшальнага для сябе судовага выраку і ў такім выпадку збіраецца падаваць апеляцыю ў вышэйшую інстанцыю.

    У траўні Павел Падабед адзначыў 44‑ы дзень нараджэння, быў усцешаны, што атрымаў вялікую колькасць паштовак і пасылак, у тым ліку ад зусім незнаёмых людзей — пісаў, што такія рэчы дапамагаюць захаваць веру на фоне татальнай несправядлівасці. Адзінае, перажывае, што не ўсіх змог аддзячыць за бандэролі: ахоўнікі ізалятара не давалі зафіксаваць адрас, а то і наўмысна выпраўлялі на неіснуючы.      

    Павел Падабед больш за два дзясяткі гадоў у якасці фатографа і відэааператара супрацоўнічаў з незалежнымі медыярэсурсамі, не маючы праблем з законам. Але пасля драматычных падзей 2020-га здарылася цэлая хваля нейтралізацыі такіх хранікёраў: сілавікі паслядоўна схапілі ягоных калег Алеся Любенчука, Івана Мураўёва, Вячаслава Лазарава.

    Усіх іх праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі вязнямі і звязала пераслед з прафесійнай дзейнасцю. 

    Да заканчэння судовага працэсу абвінавачаны ў «экстрэмізме» журналіст будзе ўтрымліваецца ў следчым ізалятары, яго можна падтрымаць лістамі: СІЗА‑1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Падабед Павел Васільевіч.

    Чытайце яшчэ:

    Як правяраюць расследаванні. Кароткі гайд ад фактчэкера OCCRP

    Андрэй Бастунец: Незалежныя медыі ачомаліся, але, калі сітуацыя не зменіцца, трэба думаць, як жыць далей

    «Публиковали деструктивные материалы» – прокуратура объяснила признание ресурсов БАЖ экстремистскими

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці