Журналіста БелаПАН спачатку акрэдытавалі, а пазней адмовілі ў акрэдытацыі на V Форуме рэгіёнаў у Магілёве
Журналіста недзяржаўнага інфармагенцтва БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча спачатку акрэдытавалі, а пазней адмовілі ў магчымасці прысутнічаць на мерапрыемствах V Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які праходзіў у Магілёве 10-12 кастрычніка 2018 года.
Па словах Лапцэвіча, яшчэ ў дваццатых чыслах верасня праз сайт Магілёўскага аблвыканкама ён падаў заяўку на акрэдытацыю для ўдзелу ў асвятленні мерапрыемстваў Форума.
“Раніцай 11 кастрычніка я патэлефанаваў у Магілёўскі аблвыканкам. У адказ мне паведамілі, што я акрэдытаваны ў якасці карэспандэнта БелаПАН і для мяне падрыхтаваны адпаведны бэйджык, — распавядае Уладзімір Лапцэвіч. — Сказалі, што я змагу атрымаць яго ў прэс-сакратара Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Вольгі Казловіч.
Калі ж вечарам я наведаў адно з мерапрыемстваў у межах V Форума рэгіёнаў, туды мяне папросту не пусцілі. Тая ж Вольга Казловіч сказала, што “вас не акрэдытавалі, усе пытанні да прэс-службы прэзідэнта”.
Уладзімір Лапцэвіч лічыць, што змена рашэння аб яго акрэдытацыі была накіравана супраць таго, каб інфармагенцтва БелаПАН змагло непасрэдна асвятляць мерапрыемствы V Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Магілёве.
Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына таксама лічыць, што карэспандэнтам БелаПАН адмыслова адмовілі ў акрэдытацыі на V Форуме рэгіёнаў. Акрамя Уладзіміра Лапцэвіча, акрэдытацыю не змагла атрымаць і журналістка БелаПАН Таццяна Каравянкова.
“На маю думку, яны робяць гэта адмыслова. Адмову ў акрэдытацыі мы абскарджваць не будзем, гэта пустая трата часу. Усе нашы ранейшыя спробы атрымаць нейкія тлумачэнні на гэты конт скончваліся безвынікова”, — сказала Ірына Леўшына карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ».