Журналіст «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч атрымаў міжнародную прэмію за расследаванні дзейнасці казакаў
Цырымонія ўзнагароджання адбылася 21 лістапада ў Бялградзе.
Конкурс журналісцкіх расследаванняў праводзілі Цэнтральна-еўрапейская ініцыятыва і Медыя-арганізацыя Паўднёва-Усходняй Еўропы ў спецыяльным партнёрстве з Медыя-праграмай Паўднёва-Усходняй Еўропы фонду імя Конрада Адэнаўэра.
Перамогу сярод «Маладых прафесійных журналістаў» прысудзілі журналісту «Нашай Нівы» Арцёму Гарбацэвічу.
Яго расследаванні «Воіны Хрыста»: як асобныя святары і афіцэры на Гродзеншчыне рыхтуюць салдатаў «рускага свету» і «Беларускіх школьнікаў адпраўлялі ў Расію ў трэніровачныя лагеры пад кіраўніцтвам неанацыстаў» прызналі найлепшымі.
У сваёй прамове Арцём сказаў, што расследаванне пра вываз дзяцей вымагала некалькіх месяцаў збору інфармацыі. Як вынік — грамадства і сілавыя структуры звярнулі ўвагу на дзейнасць прарасійскіх мілітарызаваных і неанацысцкіх арганізацый у Беларусі.
У намінацыі «Прафесійныя журналісты» перамагла албанская журналістка Лідзіта Чэла. Ёй прысудзілі ўзнагароду за расследаванні, у якіх выкрываліся карупцыйныя скандалы ў вышэйшых эшалонах улады. А таксама за адкрыцці ў барацьбе з арганізаванымі злачыннымі групоўкамі Албаніі.