Журналіст, літаратар Сяргей Чыгрын выдаў зборнік вершаў “Слонімскія настроі”
Творы 40 паэтаў — класікаў і сучаснікаў — сабраў пад адной вокладкаў укладальнік зборніка вершаў “Слонімскія настроі” журналіст, літаратар і краязнаўца Сяргей Чыгрын. Усе вершы — пра Слонім, Слонімшчыну і яе лепшых сыноў.
На пытанне, якая ўжо гэта па ліку выдадзеная ім кніга, сябра БАЖ і СБП адказаў, што дакладна і не памятае — ужо больш за 60 кніг выдаў.
— Кнігі сталі вельмі дарагія. За выданне 100 асобнікаў патрэбна заплаціць выдавецтву 10 мільёнаў рублёў старымі. Сабекошт выдання складае недзе 100 тысяч, плюс 30 % гандлёвай накруткі. То, каб нешта зарабіць на выданні, кошт патрэбна ставіць большы за 130 тысяч (13 дэнамінаваных рублёў). Але хто купіць паэтычны зборнік за такія грошы?.. — разважае Сяргей Чыгрын.
— Дык па якім кошце будуць прадавацца “Слонімскія настроі” ў слонімскай кнігарні?
— Не ведаю, які кошт паставіць кнігарня, я па 40 тысяч прасіў прадаваць.
— Значыць, сабе ў мінус?
— Канечне, але наша Слонімшчына таго вартая.
…Як бачым, не актуальнае тут і цяпер Пушкінскае “не прадаецца хоць натхненне, ды можна рукапіс прадаць”.
Тым ні менш, новая кніга пра слонімскі край выйшла ў сталічным выдавецтве “Кнігазбор” з ініцыятывы яе ўкладальніка і, хочацца спадзявацца, знойдзе сваіх удзячных чытачоў.