• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст года ў Польшчы, «тэрарыст» для лукашэнкаўцаў. Анджэю Пачобуту — 50

    Сёння беларускі і польскі журналіст Анджэй Пачобут сустракае юбілей за кратамі. «Новы час» і сябры Анджэя распавядаюць яго гісторыю.  

    Аўтобусы на беларуска-польскай мяжы стаяць у чэргах па 18 гадзін — на наступны дзень пасля абвяшчэння прысуду Анджэю Пачобуту (8 гадоў за кратамі ва ўмовах узмоцненага рэжыму) польскі бок закрыў памежны пераход «Баброўнікі». — «Калі Анджэй Пачобут будзе заўтра вызвалены, то паслязаўтра пераход будзе адкрыты», — адназначна выказаўся Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Камінскі. Так Польшча адстойвае права на свабоду таго, хто ўсё жыццё змагаецца за правы палякаў у Беларусі.

    Анджэй Пачобут нарадзіўся ў 1973 годзе ў гарадскім пасёлку Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобласці. Ён паходзіць з вядомага роду Пачобутаў-Адляніцкіх і вызначае сябе палякам, які жыве ў Беларусі. Бацькі-выкладчыкі марылі пра тое, каб хлопчык стаў эканамістам ці інжынерам, але, калі надыйшоў час, Анджэй выбраў юрыспрудэнцыю — у 1988‑м скончыў юрфак Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы.

    Пасля ўніверсітэта Анджэй Пачобут пагрузіўся ў свет панк-року — у 90‑х, разам з малодшым братам Стасам яны заснавалі гурт Devi­a­tion. Так свет убачылі песні з недвухсэнсоўнымі назвамі — «Калі Лука Здохне», «Забі мяне мент», «Ябаш ваенкаматы».

    — Я з ім пвзнаёміўся ў далекім 1996‑м годзе. Ён быў басістам гарадзенскага панк-гурта Devi­a­tion. Некалькі разоў мы гралі на адных і тых жа імпрэзах. Пазней Анджэй адыйшоў ад музыкі, пайшоў з галавой у журналістыку, грамадскую дзейнасць, — кажа лідар гурта Dzieciu­ki Аляксандр Дзянісаў.

    — Я б пажадаў яму сілы. Нават у самых моцных людзей «сядаюць батарэйкі». І яшчэ, было б файна яму перадаць, што калісці я напісаў песню для гурта «Людзі на балоце» на ягоны верш «Зброя». Цалкам раптоўна сёлета знайшоў яшчэ адзін ягоны верш сярод сваіх старых запісаў у нататніку. Таму паўстане яшчэ адна песня на ягоны верш — зробім яе разам з гуртом Dzieciu­ki. Яму будзе прыемна, — дадае Аляксандр.

    Жуналістыкай Анджэй Пачобут актыўна займаецца з 2002-га. Ён пісаў для гродзенскіх выданняў «Пагоня», «Дзень», «Głos znad Niem­na» (газета, што выдавалася на польскай мове Саюзам палякаў на Беларусі), таксама супрацоўнічаў з Мінскай «Народнай Воляй». А з 2006 года спадар Пачобут з’яўляецца карэспандэнтам буйнога польскага выдання «Gaze­ta Wybor­cza».

    — Доўгі час Анджэй быў сябрам камісіі па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў, праз гэта мы і пазнаёміліся, — кажа намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

    — Анджэй лічыць сябе палякам, але адначасова ён і вялікі патрыёт Беларусі.

    Напэўна, нічога не магло здарыцца ў Гародні, пра што б Пачобут не ведаў. Думаю, таму што ён сябраваў з вельмі рознымі людзьмі – бізнесоўцамі, палітыкамі, актывістамі. Гэта чалавек, з якім надзвычай прыемна кудасьці падарожнічаць, бо ў дарозе ёсць час паразмаўляць, абмяняцца думкамі, а ад Анджэя заўсёды можна было пачуць вельмі шмат цікавых гісторый.

    Першую крымінальную справу супраць Анджэя Пачобута лукашэнкаўская пракуратура ўзбудзіла 18 сакавіка 2011 года. Тады журналіста абвінавацілі паводле двух распаўсюджаных сёння артыкулах — абраза Лукашэнкі і паклёп на яго ж. Пасля лінгвістычнай экспертызы абвінавачванні ў абразе ўсё ж былі знятыя, а за «паклёп» Пачобуту прысудзілі 3 гады зняволення з адтэрміноўкай і вызвалілі ў зале суда.

    Аднак жорны рэпрэсіўнай машыны не спыняюцца улетку 2012-га на Анджэя Пачобута была заведзеная чарговая крымінальная справа праз ягоныя артыкулы. На шчасце, 30 чэрвеня таго ж года журналіста вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, а ў сакавіку 2013-га справу па-просту закрылі за адсутнасцю складу злачынства.

    — Мы пазнаёміліся гадоў 10 таму, можа у канцы 2011 — пачатку 2012. Я выйшаў адтуль, ён таксама выйшаў, — узгадвае ў каментары «Новаму Часу» актывіст і палітвязень Алесь Кіркевіч. — Сустрэліся — было пра што пагутарыць. Уражанне — бадзёры, вясёлы, кампанейскі чалавек.

    Але калі справа тычыцца палітыкі ці гістарычных пытанняў – адразу сур’ёзны, погляд іншы, голас. Нібы чалавек ўжо стаіць у шыхце на варце чагосці найважнейшага ў жыцці.

    Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021-га года пасля трохгадзіннага вобшука дома, у Гародні. Як адзначаюць праваабаронцы, у абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што Пачобут у медыя назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Акрамя таго, яму паставілі ў віну заявы ў абарону польскай меньшасці ў Беларусі, артыкулы ў Gaze­ta Wybor­cza аб беларускіх пратэстах у 2020‑м і тэкст у Mag­a­zyn Pol­s­ki, напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля ў Гродзенскай вобласці. 

    Пазней стала вядома, што палітвязню таксама прад’яўлена абвінавачанне па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), а 4 кастрычніка 2022-га КДБ унёс журналіста ў пералік асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

    Тым часам у Польшчы, у 2021‑м, падчас знаходжання ў беларускім СІЗА, Анджэй Пачобут быў празнаны журналістам года.

    «Сёння беларускі рэжым ганебна асудзіў Анджэя Пачобута на 8 гадоў пазбаўлення волі. Польская гісторыя канца ХХ стагоддзя паказвае, што прамаскоўскі рэжым, які супрацьстаіць уласнаму грамадзтву, рухне, а справядлівасьць пераможа. Вольная Беларусь і яе верны сын Анджэй Пачобут пераможа!» — напісаў 8 лютага 2023 года прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

    На наступны дзень быў закрыты памежны пераход у «Баброўніках». Пазней Лукашэнка заявіць, што гэты не вялікая страта («Не нужен он вам — закрывайте. Мы туда практически не ездим»). А беларусы пачнуць штурмаваць крамы ў Бяла-Падлясцы, баючыся, што Польшча зачыніць усе памежныя пераходы.

    Аднім фактам зняволення журналіста, актывіста Саюза палякаў Беларусі крыважэрлы рэжым не абмежаваўся. За кратамі Анджэй Пачобут падвяргаецца ўсемагчым пазбаўленням і здзекам.

    Як стала выдома выданню Rzecz­pospoli­ta, з 14 красавіка па 17 траўня 2021-га  Пачобут утрымліваўся ў менскім СІЗА ў камеры, дзе праводзяць свае апошнія дні прысуджаныя да смяротнага пакарання.

    — Гэта так званы «расстрэльны калідор» [«калідор смерці»]. За сцяной у суседняй камеры знаходзіўся чалавек, якога прысудзілі да смяротнага пакарання, — сказаў суразмоўца Rzecz­pospolitа, адзін з сукамернікаў Анджэя Пачобута.

    Лукашэнкаўцы неаднаразова прапанавалі журналісту пакінуць Беларусь і з’ехаць у Польшчу, аднак ён прынцыпова застаецца ў Беларусі.

    «Ніякія памілаванні мне не патрэбныя. Звяртацца ці прасіцца я не збіраюся. Нават калі будуць ціснуць. Па такіх справах, як мае, такія паводзіны былі б амаральнымі і не вартым памяці герояў Арміі Краёвай», — пісаў Анджэй Пачобут у адным з лістоў.

    «З такім падыходам зразумела, што мяне чакае працяглае наведванне турмаў і лагераў, але тым, чые годнасць і гонар я абараняю, было значна цяжэйшым, і іх прыклад мяне заўсёды натхняў. І гэта не змянілася!», — падкрэсліваў журналіст.

    — Андрэй вельмі моцны духам, прынцыповы і нязломны чалавек. Такія людзі ідуць да канца. Ён меў мужнасць не з’язжаць з Беларусі. Ведаў, што яго выпусцяць, калі напіша памілаванне. Не з’ехаў, не напісаў. У гэтым і ёсць ягоная самая яскравая рыса, гэты самы стрыжань Пачобута.

    Ён пытаецца ў самога сабе: «Хто, калі не я?». І стаіць непахісна на сваёй праўдзе, — падкрэслівае Аляксандр Дзянісаў.

    — Пачобут — чалавек прынцыпаў. У яго ёсць бачанне той жа гісторыі Заходняй Беларусі, з якім нехта пагаджаецца, нехта не. Але вы пашукайце іншага такога гісторыка ці журналіста, які б пагадзіўся за гэтыя прынцыпы памерці. Таму, калі да Анджэя паслалі Васкрасенскага на нейкія там перамовы, калі той ужо сядзеў за кратамі, ўяўляю, што гэты «ганец» пра сябе пачуў, — кажа Алесь Кіркевіч. — Пажадаць яму хочацца аднаго – Свабоды. Яшчэ — здароўя, сілаў. Бо нават цалкам здаровы, спартовы чалавек, на жаль, можа за месяцы і гады за кратамі згубіць не толькі час, але і гады жыцця на будучыню. Усё астатняе — воля, вера, упартасць і стойкасць — у Пачобута і так ёсць. 

    — Ён застаўся ў Беларусі, таму што лічыць сябе моцным чалавекам. Тут складаюцца адразу некалькі чыннікаў, — адзначае Барыс Гарэцкі. — Першае, думаю, што гэта такая распаўсюджаная польская рыса. Яны выстаялі і перамаглі камунізм, гэта, я думаю, Анджэя вельмі натхняе. А яшчэ — каталіцтва, вера ў Бога і разуменне таго, што ты на сваёй зямлі, ты нічога не парушыў, таму мусіш стаяць з адкрытым забралам, пад небам, перад якім ты шчыры.

    А рэжым працягваў здзекі. У СІЗА ён перанёс цяжкую форму каронавіруса, пры гэтым яго неаднаразова змяшчалі ў карцар. Таксама Анджэй Пачобут мае праблемы з сэрцам, аднак доступ да сардэчных прэпаратаў яму таксама абмяжоўваюць.

    Анджэй Пачобут мае двух дзяцей — дачка навучаецца ў медыцынскім універсітэце ў Гародні, а сын — у школе. Ад 12-ці гадовага Ярэка Анджэй лістоў не атрымлівае, бо ён піша бацьку па-польску. «Ён не прайшоў цэнзуру», — з такой інфармацыяй вярнуўся ліст, у якім сын апісаў канец навучальнага года, паведамляла жонка Анджэя Аксана Gaze­ta Wybor­cza.

    Аксана Пачобут падкрэслівала, што лісты, якія Пачобут пісаў сыну, таксама падвяргаліся бязлітаснай цэнзуры ў турме. «Яму вярнулі тры лісты, напісаныя па-польску Ярэку. Відаць, так яму паказваюць, як у Беларусі змагаюцца з палякамі, нават калі яны сядзяць у турме», — напісала яна ў Фэйсбуку.

    — Я хачу сказаць, што Анджэю вельмі пашчасціла з жонкай, — кажа Барыс Гарэцкі. — Мы ўсе разумеем, як цяжка ў такіх сітуацыях блізкім. Але спадарыня Аксана – гэта проста надзвычайная падтрымка, крэмень. Без яе, напэўна, Анджэй бы не змог. Сёння мне хочацца пажадаць яму свабоды, як мага хутчэй мець магчымасць сустрэцца з роднымі на сваёй зямлі, каб нікуды не патрэбна было з’яжджаць.

    Чытайце яшчэ:

    «Я за тое, каб найбольш актыўныя былі знойдзены і ім далі належнае». Вялікая гутарка з Лявонам Вольскім

    У беларускіх журналістаў зноў заблакавалі банкаўскія карткі ва Украіне

    «Знайсьці адваката для палітвязьня амаль нерэальна». Юрыст камэнтуе «зьнікненьне» вядомых палітычных зьняволеных

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці