Галоўны рэдактар «СБ»: Настаўнікам карысна чытаць дзяржаўную прэсу
Новы галоўны рэдактар «Советской Белорусіі» Дзмітрый Жук патлумачыў сваё стаўленне да прымусовай падпіскі. У эфіры «Клуба рэдактараў» на «Беларусь-1» ён адказаў на адкрыты ліст пісьменніцы Яўгеніі Пастарнак, апублікаваны на сайце «Нашай Нівы».
«Паважаная Яўгенія Барысаўна. Па-першае, не трэба на ноч палохаць людзей. Я не ведаю ніводнага настаўніка, звольненага за падпіску — адмову альбо не адмову. Па-другое.
Як журналіст, чалавек і грамадзянін катэгарычна перакананы, што людзям, нанятым на працу дзяржавай, карысна чытаць дзяржаўную прэсу.
Тым больш настаўнікам — тым, хто павінен чытаць шмат і рознага. Як карыстацца, кожны для сябе вырашыць.
А тое, што дзяржава прасоўвае менавіта свае выданні, што ж тут дзіўнага. Гэта, па-мойму, нармальна.
І яшчэ, мне проста дзіўна: за апошнія паўтара года на старонках «Советской Белорусіі» выйшлі парадку 10 публікацый, якія расказвалі пра вашы кнігі, пра вашу пазіцыю па розных пытаннях. Што ў гэтым дрэннага, калі гэта прачытаюць настаўнікі?»
«Пчолы супраць мёду!» — засмяяўся былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.
Былы рэдактар «Советской Белорусіі» Павел Якубовіч падтрымаў Жука:
«Гэта стандартнае і даволі прымітыўнае абвінавачванне пра тое, што настаўнікам навязваюць. Настаўнікам выдзяляюцца сродкі для падпіскі на прэсу.
І паверце, калі настаўнік выпіша «Советскую Белоруссію», то гэта яго перавага. Ён можа выпісаць, напрыклад, «Настаўніцкую газету», а не выпісаць «Советскую Белоруссію». Таму настаўнік робіць выснову, што яму цікавей. Але на яго бедны заробак дзяржава ні ў якім разе не прэтэндуе».
Паводле афіцыйнай інфармацыі, штодзённы наклад «Советской Белоруссіі» перавышае 400 тысяч асобнікаў.