• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Збітыя міліцыяй журналісты Кастусь Жукоўскі і Аляксей Атрошчанкаў здымаюць пабоі. Міністр МУС Шуневіч абяцае разабрацца

    Затрыманыя ў аўторак у Лоеве (Гомельская вобласць) незалежныя журналісты Кастусь Жукоўскі і Аляксей Атрошчанкаў былі збітыя супрацоўнікамі міліцыі, напісалі заяву ў Следчы камітэт і цяпер накіроўваюцца здымаць пабоі.

    Пра гэта прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” паведаміў адзін з затрыманых Кастусь Жукоўскі.

    Па словах Жукоўскага, 21 чэрвеня ў Лоеве яны з калегам здымалі будынкі мясцовага цагельнага завода. У часе здымак іх спачатку спынілі супрацоўнікі ДАІ, а затым з прымяненнем сілы затрымала мясцовая міліцыя. У часе гэтых падзеяў была пашкоджана відэакамера.

    – Міліцыянты даставілі нас у пастарунак, дзе пратрымалі шэсць гадзін. За гэты час з нас здзекваліся, выкручвалі рукі, клалі на падлогу і ставілі ногі нам на галаву, пагражалі расправай. Некалькі раз пачыналі складаць адміністрацыйныя пратаколы, але ў выніку ніякіх дакументаў не прадаставілі. Таму на дадзены момант мы нават не ведаем, ці абвінавачваюць нас у чымсьці.

    На мой погляд, ніякага загаду зверху ў міліцыянтаў не было – проста мясцовае свавольства, якое ў любой прававой краіне пацягнула б за сабой сур’ёзныя турэмныя тэрміны. Нас вызвалілі каля дзявятай гадзіны вечара, пасля чаго Аляксей Атрошчанкаў напісаў у Следчы камітэт заяву пра прыцягненне міліцыянтаў да адказнасці. Зараз мы з Аляксеем скіроўваемся здымаць пабоі, – расказаў Жукоўскі прэс-службе ГА “БАЖ”.

    «Любая інфармацыя аб супрацьпраўных дзеяннях нашых супрацоўнікаў будзе праверана. У тым ліку і па гэтым выпадку. Мы ні адно такое паведамленне не пакідаем без увагі. У тым ліку дадзім ацэнку гэтым фактам. Наступалі на галаву, не наступалі… Ведаеце, на мой погляд не было ніякіх прычын супрацоўнікам органаў унутраных спраў так дзейнічаць. Я вельмі спадзяюся, што так яно і было», — пракаментаваў для «Еўрарадыё» сітуацыю міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.

    Незалежнага журналіста з Гомеля Кастуся Жукоўскага сёлета ўжо 7 разоў судзілі за працу без акрэдытацыі на карысць спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”. Агульная сума штрафаў журналістам у Беларусі па гэткіх абвінавачаннях сёлета склала ўжо больш за 70 мільёнаў рублёў.

    Таксама ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” сёлета вядома ўжо пра 9 выпадкаў затрымання журналістаў падчас выканання прафесійных абавязкаў у Беларусі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці