Затрыманага блогера Аляксандра Ігнацюка імаверна вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці»
На мінулым тыдні стала вядома, што блогер Аляксандр Ігнацюк — аўтар «Пра Столін» і былы рэдактар незалежнай раёнкі, затрыманы і змешчаны ў следчы ізалятар у Брэсце. Паводле пакуль афіцыйна непацверджаных звестках, яго абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса). Ёсць інфармацыя, што днямі Ігнацюка маглі этапаваць з Брэста ў СІЗА ў Баранавічы.
У апошнія гады Аляксандр Ігнацюк жыве на бязлюдным хутары, але даволі актыўна займаўся блогерствам — здымаў відэаролікі, якія размяшчаў на старонках «Пра Столін» у TikTok, YouTube і Instagram. Адным з напрамкаў сваёй дзейнасці абраў асвятленне працы фермерскіх гаспадарак у палескім рэгіёне.
Калі новыя ролікі перасталі з’яўляцца ў інтэрнэце, занепакоеныя гледачы сталі хвалявацца і даведаліся, што Аляксандр Ігнацюк не выходзіць на сувязь, бо затрыманы.
«Наколькі я ведаю, Аляксандр шмат цікаваўся ўмовамі працы ў мясцовых фермераў. Да яго звярталіся людзі, што пацярпелі, сталі ахвярамі злоўжыванняў, калі працаўладкоўваліся да фермараў без афармлення дакументаў», — кажа знаёмы Аляксандра Ігнацюка, які просіць захаваць сваю ананімнасць.
Паводле слоў знаёмага, Аляксандр Ігнацюк таксама цікавіўся пытаннямі наконт выдзялення зямлі ў Столінскім раёне. Меў планы стварыць агенцтва па працаўладкаванні сезонных работнікаў і нават разлічваў на падтрымку мясцовых уладаў у гэтым пытанні.
Аляксандр Ігнацюк вядомы тым, што напрыканцы 90‑х – пачатку 2000‑х выдаваў незалежную рэгіянальную газету «Вечерний Столин» і быў яе галоўным рэдактарам.
У 2003 годзе паводле загаду тагачаснага міністра інфармацыі Міхаіла Падгайнага, выпуск газеты прыпыняўся на 3 месяцы, бо рэдакцыя нібыта парушыла арт. 5 «Закона аб друку і іншых СМІ». Газета «Вечерний Столин» аднавіла выхад у кастрычніку 2003 года, аднак ужо ў снежні суд прызнаў Аляксандра Ігнацюка вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады — былога старшыні Столінскага райвыканкама Уладзіміра Пашкевіча (арт. 369 КК). Тады рэдактара газеты пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічынь, што складала на той час каля 230 долараў.
У лютым 2004 года заснавальнік і галоўны рэдактар «Вечернего Столина» зноў атрымаў па пошце папярэджанне і загад аб прыпыненні выдання на 3 месяцы. Абодва дакументы былі падпісаныя міністрам інфармацыі Уладзімірам Русакевічам. На думку міністра, газета груба парушала дзейнае заканадаўства: у прыватнасці, артыкулы 30 і 11 закона «Аб друку» і некалькі пастаноў Савета міністраў.
Рэдакцыю абвінавацілі ў тым, што рэкламныя матэрыялы перавышаюць 30% аб’ёму нумароў, калі «газета не зарэгістраваная ў якасці спецыялізаванага сродку масавай інфармацыі для паведамленняў і матэрыялаў рэкламнага характару».
Другая прэтэнзія да газеты тычылася змены яе тэматыкі і мовы без пісьмовага апавяшчэння рэгіструючага органа. У папярэджанні вялася гаворка пра тое, што выданне змяніла тэматыку з «вытворча-практычнай і для вольнага часу на масава-палітычную», а замест рускай і беларускай моў перайшло на рускую, не паведаміўшы пра гэта Міністэрству інфармацыі ў месячны тэрмін.
У выніку выхад газеты «Вечерний Столин» больш не аднавіўся. Пасля таго Аляксандр Ігнацюк стварыў сайт «Про Столин» — на сёння сайт недасяжны, працаваў як журналіст-фрылансер і займаўся блогерствам.
Чытайце яшчэ:
«Прессбол»: «У нас складаная фінансавая сітуацыя пасля закрыцця доступу да сайта. Сэрца Лісічкіна не вытрымала стрэсу»
«Ничего не помню, хочу забыть». Почему власти Беларуси готовы возить журналистов на Донбасс
Што не так у беларускіх медыя з асвятленнем тэмы ЛГБТК+? Запыталіся ў экспертаў і калег