• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    За публікацыю паста з тэлеграм-каналу NEXTA Калінкіна павінна сплаціць 4653 рублі

    Агулам старшыня Слонімскага райвыканкаму адсудзіў у журналістаў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды 9,5 тысяч беларускіх рублёў.

    Сьвятлана Калінкіна ў судзе 8 кастрычніка 2019 году

    18 лістапада Савецкі суд Менску разгледзеў пазоў старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзя Хоміча да ўласьніцы сайту «Беларускі партызан» Сьвятланы Калінкінай за публікацыю паста тэлеграм-канала Nex­ta. Па выніках паседжаньня суд вырашыў спагнаць з Калінкінай 3 тысячы беларускіх рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды, а таксама 1653 рублі — за судовыя выдаткі.

    Генадзь Хоміч падаў пазоў аб абароне гонару, годнасьці, дзелавой рэпутацыі і кампэнсацыі маральнай шкоды. Ён патрабаваў ад Калінкінай 10 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. На пачатку працэсу патрабаваньне было 50 тысяч.

    Аналягічныя пазовы Хоміч падаў супраць стваральніка тэлеграм-каналу NEXTA Сьцяпана Пуцілы, а таксама ўласьнікаў незалежных выданьняў 21.by і «Вечерний Бобруйск», якія перадрукавалі пост NEXTA.

    І пазоўнік, і пазваны ў Савецкі суд не зьявіліся. Інтарэсы Хоміча прадстаўляла адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна, інтарэсы Калінкінай — юрыст Алег Агееў.

     

    Алег Агееў заявіў на працэсе, што Сьвятлана Калінкіна часткова прызнае заяўленыя патрабаваньні Хоміча: зьвесткі, апублікаваныя на «Беларускім партызане», не праўдзівыя і зьневажаюць гонар і годнасьць пазоўніка. Аднак памер кампэнсацыі Агееў назваў «яўна завышаным». Ён адзначыў, што ступень абароны ад крытыкі дзяржаўных службоўцаў «нашмат меншая і ў прынцыпе памер кампэнсацыі маральнай шкоды такім людзям, мяркуецца, будзе памяншацца».

    «Сьвятлана Калінкіна добраахвотна прыняла захады для загладжваньня нанесенай шкоды, публікацыя выдаленая з сайту. А сума праглядаў склала крыху больш за 5 тысяч, што не супастаўна з колькасьцю праглядаў на першакрыніцы — тэлеграм-канале Nex­ta. Апроч таго Калінкіна зьяўляецца фізычнай асобай, што важна для разгляду гэтай справы». — сказаў Алег Агееў.

    Паводле Агеева, Калінкіна ўжо была гатовая апублікаваць абвяржэньне, калі б яно было ў тэксьце позвы. Агееў адзначыў, што на гэта паўплывала і рашэньне суда Менскага раёну адносна стваральніка тэлеграм-канала Nex­ta.

     

    Адвакатка Хоміча Марыя Колесава-Гудзіліна запатрабавала задаволіць пазоў у поўным аб’ёме. Яна сказала, што «Беларускі партызан» зьяўляецца даволі вядомым выданьнем, у яго вялікая колькасьць чытачоў. Паводле адвакаткі, пасьля ранейшых рашэньняў судоў, пададзеныя дадатковыя заявы аб кампэнсацыі судовых выдаткаў.

    «Так, Хоміч гатовы да крытыкі, але крытыка гэта не абвінавачаньне ў зьдзяйсьненьні злачынства (знаходжаньня пʼяным за рулём, расходаваньне бюджэтных сродкаў). Тут яўнае абвінавачаньне ў тым, што Хоміч не зьдзяйсьняў». — сказала адвакатка.

    Чым скончыліся іншыя суды?

    Менскі раённы суд вырашыў спагнаць са стваральніка тэлеграм-каналу NEXTA Сьцяпана Пуцілы 3 000 рублёў (Хоміч прасіў спачатку 50 тысяч, а потым 10 тысяч рублёў) кампэнсацыі маральнай шкоды, нанесенай старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзю Хомічу, і абавязаў разьмясьціць на сваім тэлеграм-канале рашэньне суду. Суд Маскоўскага раёну зацьвердзіў міравое пагадненьне паміж Хомічам і выданьнем 21.by, якое выплаціць кампэнсацыю памерам 1500 рублёў.

    «Вечерний Бобруйск», як вырашыў суд, выплаціць старшыні Слонімскага райвыканкаму 2 тысячы рублёў.

    «Вечерний Бобруйск» таксама пакаралі за публікацыю NEXTA

     

    Мінінфарм адказаў на прапанову фінансаваць канал Nexta

    Сутнасьць справы

    10 жніўня тэлеграм-канал NEXTA апублікаваў інфармацыю пра затрыманьне Хоміча. Паводле яе, чыноўніка і ягоную жонку супрацоўнікі ДАІ заўважылі ў нецьвярозым стане. Ва ўправе ДАІ Горадзенскай вобласьці заявілі, што ня маюць зьвестак пра затрыманьні Хоміча. Хоміч гэтую інфармацыю катэгарычна абвяргае.

    Як гаворыцца ў пазове, пост NEXTA пра затрыманьне Хоміча ўбачылі больш за 200 тысяч чалавек. На гэтую інфармацыю спасылаліся СМІ. Генадзь Хоміч запатрабаваў публікацыі абвяржэньня непраўдзівых зьвестак. З 2014 году да СМІ былі задаволеныя сем судовых пазоваў, паведамілі ў БАЖ. Сумы маральных кампэнсацый, выплачаных СМІ, вагаліся ад 49 да 378 даляраў. Сярэдняя сума склала 213 даляраў. Паводле БАЖ, у бальшыні выпадкаў суды адмаўляюць у задавальненьні пазоваў аб маральнай кампэнсацыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці