Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко прысудзілі па 2,5 гады калоніі
Такі прысуд сёння абвясціла суддзя Заводскага раёна Мінска Анжэла Касцюкевіч. Такі ж тэрмін запрасіў учора пракурор Мікалай Дзяцел.
Нашых калег, якія з’яўляюцца палітвязнямі, прызналі вінаватымі па абсурдным абвінавачванні ў «нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, здзейсненае групай асоб па папярэднім згаворы, у буйным памеры».
У апошнім слове нашаніўцы казалі пра сваіх сваякоў, для якіх зняволенне стала вялікім ударам, і перадавалі словы падтрымкі тым, хто быў разам.
Крымінальную справу супраць галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко сілавікі завялі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове або ў буйным памеры). Нашаніўцаў судзяць па эканамічным артыкуле за аплату камунальных паслуг па тарыфах для фізічных, а не юрыдычных асоб.
Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Яны трапілі пад каток рэпрэсій за сваю журналісцкую дзейнасць.
Першапачаткова шкоду налічылі ў памеры 3500 рублёў. Потым гэтая сума вырасла да 10 тысяч. Журналісты пагасілі шкоду да суда, «Мінскводаканал» і «Мінскэнерга» адклікалі іскі.
Справу вялі пракурор Мікалай Дзяцел і суддзя Анжэла Касцюкевіч.