Вынікі другога дня паралельных мерапрыемстваў IV Беларускага праваабарончага форуму
Другі дзень IV Беларускага праваабарончага форуму быў вельмі насычаным і ўключаў шмат паралельных мерапрыемстваў, на якіх асвятляліся самыя розныя тэмы, так ці інакш звязаныя з правамі чалавека.
Падчас падвядзення вынікаў гэтых мерапрыемстваў намеснік дырэктара Офіса па правах людзей з інваліднасцю Міхаіл Мацкевіч адзначыў, што дыскусія “Пытаннi дзейнасцi офicаў прававой дапамогi праваабарончых арганiзацый”, у якой акрамя Міхаіла бралі ўдзел дырэктар ОПЛІ Сяргей Драздоўскі і юрыст Алег Граблеўскі, была вельмі прадуктыўнай. За паўтары гадзіны яе ўдзельнікі паспелі абмеркаваць бягучае становішча грамадскіх прыёмных, актуальныя праблемы і выклікі для іх дзейнасці, а таксама прадумаць спіс канкрэтных дзеянняў па паляпшэнні сітуацыі.
“Па-першае, мы вырашылі звярнуцца да дзяржаўных органаў з прапановай стварэння сістэмы бескаштоўнай юрыдычнай дапамогі. Бо зараз атрымліваецца так, што амаль адзіныя арганізацыі, дзе можна бясплатна атрымаць юрыдычную дапамогу, — гэта менавіта грамадскія прыёмныя праваабарончых арганізацый. Таму варта нагадаць дзяржаве пра яе сацыяльную функцыю. Таксама мы запланавалі сабраць звесткі пра ўсі юрыдычныя прыёмныя, якія ў нас працуюць, магчыма, стварыць тэматычны сервіс”.
Паводле Міхаіла Мацкевіча, грамадскія прыёмныя ў праваабарончых арганізацыях – гэта эфектыўны інструмент сувязі з мэтавымі групамі. Але іх дзейнасць таксама патрабуе сродкаў. Таму адным з вынікаў панэлі было рашэнне наладзіць больш шчыльную працу з донарамі.
Праваабаронца Уладзімір Яворскі, у сваю чаргу, прадставіў вынікі дыскусіі наконт выкарыстання крытэраў для вызначэння палітвязняў, якія былі распрацаваны падчас мінулага праваабарончага форуму чатыры гады таму.
“Падчас дыскусіі я і Валянцін Стэфановіч падзяліліся нашым досведам і тымі складанасцямі, з якімі сутыкаецца праваабарончая супольнасць, калі вызначае, ці з’яўляецца чалавек палітвязняў. Бо ёсць дзве групы палітвязняў: тыя, хто пацярпеў праз негвалтоўнае ажыццяўленне сваёго нейкага права, і тыя, у дачыненні да якіх яскрава бачны палітычна матываваны пераслед. Аднак гэта ніхто не разумее, акрамя нас саміх. Таму, магчыма, мы прыйдзем да двух розных тэрмінаў і ў першым выпадку будзем выкарыстоўваць фармулёўку “вязень сумлення”.
Падчас мерапрыемства праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч падрабязна распавёў пра гучныя выпадкі палітычна матываванага пераследу апошніх гадоў і патлумачыў, чым кіраваліся праваабаронцы, прызнаючы ці не прызнаючы таго ці іншага чалавека палітзняволеным.
У завяршэнне Уладзімір Яворскі нагадаў пра тое, што Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны вязень” распрацоўвалася вялікім колам экспертаў з розных краін, а таксама пра тое, што рашэнне наконт прызнання чалавека палітвязнем прымае не толькі ПЦ “Вясна”, але і шмат іншых праваабарончых арганізацый.
Адной з гарачых тэм на форуме была тэма абароны інфармацыі і персанальных дадзеных. Дыскусія “Права на інфармацыю ў Беларусі: што з ім не так і што мы можам зрабіць дзеля паляпшэння становішча?”, якую арганізоўвала Беларуская асацыяцыя журналістаў сабрала шмат слухачоў. У ёй удзельнічалі старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, юрыст Алег Агееў, праваабаронца Human Constanta Андрэй Сушко і прадстаўнік украінскай арганізацыі “Поступ” Канстанцін Рэуцкі. Мадэратар мерапрыемства Алег Агееў адзначыў, што эксперты ў асноўным казалі пра закрытасць дзяржаўных органаў для журналістаў, немагчымасць атрымаць акрэдытацыю некаторым СМІ, пра новую хвалю буйных штрафаў за дзейнасць без акрэдытацыі. Мадэратар мерапрыемства Алег Агееў нагадаў, што БАЖ распрацоўвае кампанію, накіраваную на адкрытасць доступу да грамадска значнай інфармацыі ў дзяржаўных органах і заклікаў іншыя праваабарончыя арганізацыі далучыцца да гэтай працы.
Праваабаронца Андрэй Сушко, які мадэраваў дыскусію “Новый выклікі для правоў чалавека ў лічбавую эпоху”, арганізаваную праваабарончай арганізацыяй Human Constanta, падкрэсліў важнасць дадзенай тэмы:
“Правы чалавека ў анлайн асяроддзі павінны быць гарантаваныя ў той жа ступені, што і ў афлайн. Інтэрнэт дае новы механізмы і спосабы выказвання. Але і ставіць новыя выклікі , датычныя абмежаванняў у сеціве”.
У мерапрыемстве таксама бралі ўдзел юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэту Зміцер Чарных, экспертка Open data Belarus Аліна Радачынская і дыстанцыйна эксперт Human Constanta па лічбавай бяспецы Аляксей Казлюк. Прадстаўнік БХК прадставіў вынікі даследвання пра базы дадзеных беларускіх грамадзян, Аліна Радачынская распавяла пра стварэнне ў Беларусі ў бліжэйшай перспектыве парталу адкрытых дадзеных, а Аляксей Казлюк – пра прынцыпы кібербяспекі.
Пра тое, чаму важна быць салідарнымі ва ўмовах рэпрэсій, на сваёй панэлі распавёў грамадскі актывіст Андрэй Стрыжак. Ён казаў пра арганізацыю грамадскай кампаніі By_help, якая была створана для дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій падчас вясновых акцый пратэсту. Другая частка дыскусіі была прысвечана новай кампаніі #стопдзедаўшчына, накіраванай на спыненне парушэнняў правоў чалавека ў беларускай армі. Андрэй Стрыжак прапанаваў стварыць адмысловую пляцоўку, дзе ўсе зацікаўленыя эксперты, праваабаронцы ды іншыя грамадзяне маглі бы сумесна шукаць рашэнні для паляпшэння сітуацыі ў беларускай арміі.
Старшыня Руху “Маці 328” Ларыса Жыгар разам з праваабаронцам “Прававой ініцыятывы” Сяргеем Усцінавым распавялі пра парушэнні правоў асуджаных па артыкуле 328 КК РБ (распаўсюд наркатычных сродкаў). Паводле Ларысы Жыгар, спачатку яны казалі пра дзейнасць арганізацыі Рух “Маці 328”, а затым пра канкрэтныя праблемы, з якімі сутыкаюцца асуджаныя па гэтым артыкуле.
“13 тысяч чалавек – гэта вельмі вялікая лічба. Мы робім усё магчымае і спадзяемся, што змены заканадаўства ў гэтай галіне нарэшце адбудуцца. Вынікам нашага мерапрыемства можна лічыць тое, што мы разам з праваабаронцамі вырашылі правесці сумесную кампанію дзеля таго, каб улады ўсё ж такі нас пачулі”.
Ларыса Жыгар падкрэсліла, што мэта арганізацыі не толькі штосьці зрабіць для сваіх дзяцей, якія апынуліся за кратамі на вялікія тэрміны, але і давесці гэтую праблему да шырокіх колаў грамадскасці.
Не засталася без ўвагі і пытанне гендэрнай ідэнтычнасці. Падчас мерапрыемства “Гендэрная ідэнтычнасць для імбрыкаў: паняцці, заканадаўства, выклікі для правоў трансгендэрных людзей у Беларусі”, падрыхтаванага ініцыятыўнай групай “Ідэнтычнасць і права”, эксперткі Наталля Манькоўская і Дар’я Трайдэн шмат казалі пра гендэр, транссэксуальнасць і пра падыходы ў вывучэнні гендэрных пытанняў, этычныя кампаненты і карэктную лексіку.
Напрыканцы Наталля Манюкоўская прапанавала ўсім жадаючым удзельнікам форума арганізаваць асобныя асветніцкія мерапрыемствы па гендэрных пытаннях.
20–21 кастрычніка ў Вільні праходзіў IV Беларускі праваабарончы форум. Прадстаўнікі 29 беларускіх праваабарончых арганізацый, НДА, якія маюць у сваёй дзейнасці праваабарончы кампанент, праваабаронцы, якія дзейнічаюць у індывідуальнай якасці, эксперты, замежныя і міжнародныя партнёры сабраліся, каб абмеркаваць актуальны парадак дня і вызначыць прыярытэты для далейшай працы і развіцця праваабарончага сектару краіны.