Вярхоўны суд запланаваў апеляцыі белапанаўцаў на 6 студзеня наступнага года
Разгляд апеляцыйных скаргаў асуджаных на працяглыя тэрміны зняволення фігурантаў справы інфармацыйнага агенцтва БелаПАН папярэдне прызначаны ў Вярхоўным судзе на 6 студзеня 2023 года. Пра гэта Беларускай асацыяцыі журналістаў паведамілі калегі і сваякі палітвязняў.
У парушэнне існуючых юрыдычных працэдур чатырох удзельнікаў «справы БелаПАН» яшчэ ў канцы кастрычніка перавялі для пачатку адбыцця прызначаных тэрмінаў пакарання з мінскага следчага ізалятара №1 у іншыя месцы краіны. Нават не дачакаўшыся разгляду Вярхоўным судом касацыйных заяў на “несправядлівыя прысуды”.
Так, Андрэй Аляксандраў і Дзмітрый Наважылаў цяпер знаходзяцца ў СІЗА №2 Віцебска, Ірына Леўшына і Ірына Злобіна — у аналагічнай установе Гомеля, СІЗА №3. Існуе вялікая верагоднасць, што пасля этапавання абвінавачаных з Мінску іх скаргі ў лепшым выпадку будуць агучаныя праз відэасувязь, або суддзі проста абмяжуюцца прысутнасцю абаронцаў зняволеных. Зрэшты, як сведчыць практыка палітычных працэсаў, абскарджанне ў вышэйшых інстанцыях не мае асабліва плёну: амаль стопрацэнтна першапачатковыя выракі застаюцца без зменаў.
Нагадаем, 6 кастрычніка Мінскі абласны суд агучыў у закрытым фармаце вердыкт у дачыненні фігурантаў справы недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Праз “сакрэтны” фармат пасяджэнняў і падпіску адвакатаў пра “неразгалошванне працэсуальнай таямніцы” не было нават вядома, якія тэрміны папярэдне запатрабаваў пракурор. Таму суддзя Вячаслаў Тулейка, на сумленні якога нямала суровых вердыктаў у палітычных справах, проста канстатаваў персанальнае рашэнне.
Галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына — 4 гады калоніі.
Экс-генеральны дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў — 6 гадоў калоніі.
Колішні намеснік дырэктара БелаПАН Андрэй Аляксандраў — 14 гадоў калоніі.
Сацыёлаг, грамадская актывістка Ірына Злобіна — 9 гадоў калоніі.
Акрамя таго, бальшыні прызначылі буйныя штрафы: з Андрэя Аляксандрава — 1000 базавых велічыняў (32 000 рублёў), з Ірыны Злобінай — 800 базавых (25 600 рублёў), з Дзмітрыя Наважылава — 700 базавых (22 400 рублёў).
Суд над белапанаўцамі цягнуўся роўна чатыры месяцы: пачаўся 6 чэрвеня, затым быў аб’яўлены перапынак на засакрэчаную “экспертызу”, а ў канцы верасня зноў аднавіўся. 6 кастрычніка адбылося фінальнае пасяджэнне.
Сілавікі прыйшлі з ператрусамі да Ірыны Леўшынай, Дзмітрыя Наважылава і яшчэ некалькіх дзейных і былых супрацоўнікаў БелаПАН 18 жніўня 2021 года. Брутальны вобшук у той дзень адбыўся і ў офісе агенцтва на вуліцы Акадэмічнай у Мінску. Згодна з ордэрам Упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама, адпаведная пастанова была выпісаная яшчэ 10 жніўня. У выніку было канфіскавана амаль паўсотні адзінак абсталявання: серверы, ноўтбукі, жорсткія дыскі, бухгалтарская дакументацыя і інш.
Ірыну Леўшыну і Дзмітрыя Наважылава затрымалі на падставе падазрэння ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Аднак абвінавачанне абодвум высунулі іншае — ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры). Па ходу з’явіўся яшчэ адзін пункт — ч. 1 арт. 361–1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). Аказалася, што КДБ цішком прызнаў такім «групу грамадзян з ліку супрацоўнікаў ЗАТ БелаПАН». Агенцтва спыніла працу.
Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна за кратамі ад 12 студзеня 2021 года. Фармальна іх затрымалі за “падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў беспарадках”. Падставай стала аплата штрафаў рэпрэсаваным ад гвалту сілавікоў ды пацярпелым у выніку зняволення за пратэстную актыўнасць. Але неўзабаве справы фігурантаў перапляліся ў самых розных варыяцыях.
Так, Андрэю Аляксандраву, Ірыне Леўшынай і Дзмітрыю Наважылаву інкрымінавалася “стварэнне і дзейнасць экстрэмісцкага фармавання”, хоць усіх затрымалі яшчэ да таго, як Камітэта дзяржбяспекі прызнаў інфармацыйнае агенцтва “экстрэмісцкім фармаваннем”.