Вольга Лойка расказала, як здымалася для прапагандысцкага фільма пра Tut.by
Падказвалі, што гаварыць, а пазней інтэрвʼю перапісалі, бо гераіня занадта хвалявалася — падрабязнасці ў новым выпуску «Ток».
Галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блоку навін на партале Tut.by Вольга Лойка раскрыла падрабязнасці свайго інтэрв’ю Ксеніі Лебедзевай. Прапагандысцкі фільм БТ «Бай-бай, Тутбай» выйшаў 16 сакавіка 2023 года, напярэдадні абвяшчэння прысуду Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай. На той час Вольга Лойка ўжо была за мяжой.
Па словах журналісткі, гэта была частка здзелкі аб яе вызваленні. «Без рэалізацыі гэтай часткі здзелкі не была б рэалізаваная яе другая частка».
Згадваючы тыя здымкі, Вольга распавяла, што яе паклікалі ў Следчы камітэт.
«Сказалі, што Ксенія Пятроўна Лебедзева будзе весці гутарку. Дзякуй Ксеніі Пятроўне. Яна была вельмі ветлівая, культурная. Я б сказала, нават крыху спачувальная. Калі чалавек у стрэсе запісвае такія штукі, то гэта важна. Яна грала добрага паліцэйскага. Следчы, супрацоўнік КДБ, Ксенія Пятроўна і я».
Насамрэч, як распавядае Вольга, «гэта было непрыемна, але не крытычна».
«Я ведала, адносна чаго ідзе гульня. Калі б у гэтым фільме трэба было зняцца топлес, я б знялася, таму што гэта лёсы людзей, а не толькі мой. І я ведала, што за гэту магчымасць заплачана дорага. Гэта было складана. Таму я не магу саскочыць. Другога шанцу не будзе».
Па словах Вольгі, у такой сітуацыі вельмі важна было не хвалявацца. «Я не вельмі хвалявалася. Прытым што большая частка рэчаў там — звычайнае бухценне наёмнага работніка. «Было, што вас не задавальняла?» Зразумела, [што] было. Ад заробку да загрузкі. Пра што гэта сведчыць? Ды ні пра што. «Разыходзіліся ў поглядах?» Так. Мы пастаянна разыходзіліся і сыходзіліся, і сварыліся.
І калі б мы цяпер абмяркоўвалі лёсы палітзняволеных, мы б таксама, я ўпэўненая, разышліся б з Марынай (Золатавай — «НН») у поглядах. Магчыма, што насмерць пасварыліся б. Я вельмі хачу, каб гэта магчымасць была. Каб гэтыя людзі выйшлі. А далей мы ўжо самі разбярэмся. Магчыма, сапраўды, да смерці рассварымся.
Бо нехта лічыць, што да перамогі трэба сядзець. Нехта — што трэба таргавацца любым коштам за кожнага, за каго магчыма. Разыходзіцца ў поглядах — гэта нармальна. І мець адзін да аднаго прэтэнзіі і крыўды — гэта таксама нармальна».
Жанчына згадвае, што ў часе размовы ёй перыядычна падказвалі, як трэба гаварыць.
«Мне сказалі: «Ты кемлівая, вось і цям. Ну я, як магла, цяміла. Мяне хапіла хвілін на 40. А потым на пытанні, якое Ксеніі суфліравалі — здаецца, гэта было пытанне «Як паўплывала ўступленне Tut.by у ПВТ на пратэсную актыўнасць?» — я зразумела, што мой талент і фантазія проста вычарпаныя. Я не ведаю, што адказаць на гэтае пытанне. Я спытала: «Чыю?» І павісла паўза, у часе якой ніхто не мог скеміць чыю».
Лойка згадвае і іншыя пытанні, кшталту «А калі б Бабарыку зарэгістравалі кандыдатам? Стаў бы ён прэзідэнтам?». Па словах жанчыны, яна не бачыць сэнсу ў такіх абмеркаваннях і не ўмее такія абстракцыі абмяркоўваць. Таму ёй падказвалі. А пазней інтэрвʼю перапісалі, бо яна вельмі хвалявалася.
«Насамрэч ты не да канца разумееш, што яны ад цябе хочуць. Я прыдумала сама сабе склад злачынства. Сурʼёзна. Таму што мне сказалі: «Ты кемлівая. Хутка цям». Я не ўмею ўхіляцца да выплаты падаткаў, таму што я не ўмею іх плаціць. Я аб гэтым умею пісаць.
Як я гэтаму (ухіленню ад сплаты падаткаў — «НН») фізічна магла садзейнічаць? У мяне фантазія не настолькі развітая. Ну, я садзейнічала шляхам напісання добрых артыкулаў аб ПВТ. Але я шчыра сказала, што, калі ў мяне спытаюць «а якіх артыкулаў?», мне будзе цяжка адказаць. У справе ніякіх артыкулаў няма. Дзякаваць богу, хапіла гэтага».
Вольга прызнаецца, што не глядзела знятага фільма. А пасля яго паказу было шмат словаў падтрымкі. З асуджэннем свайго ўчынку яна не сутыкалася.
«Магчыма, я проста адсеяла такіх людзей. У мяне ёсць некалькі чалавек з былых кантактаў, хто, як мне падалося, не вельмі адэкватна сябе павёў. «Як ты магла?» Як я магла не застацца ў турме? Прабачце, я не хачу сядзець у турме дзесяць гадоў. І ў мяне калегі, якія не хочуць. Мы так дамовіліся. Гэта было складанае рашэнне. Але нам пашанцавала, што ў нас быў шанец. Таму што ёсць людзі, якім давялося на ўсё гэта ісці, падпісваць і сядзець цяпер восем гадоў і спадзявацца, што калі-небудзь дадуць умоўна-датэрміновае.
Вольга адзначае: калі нехта думае, што сярод затрыманых ёсць тыя, хто лёгка і асэнсавана пагаджаецца сядзець дзесяць гадоў, то ён памыляецца.
«Большасць людзей спадзяецца, што яны выйдуць раней. Вытрымкі людзей хапае на розны тэрмін. Людзі, з якімі я сядзела, якія толькі «заехалі» і тры-пяць месяцаў адседзелі са мною… Мне здавалася, што яны такія спакойныя, вытрыманыя, што іх хопіць надоўга. Але за год пасыпаўся шмат хто».
Такія змены ў зняволеных жанчына тлумачыць тым, што «цябе фактычна кідае сямʼя». «Спачатку ігнаруюцца нейкія твае просьбы. Потым да цябе на спатканні прыязджаюць з незадавальненнем, што вось нам тут давялося ўсё кідаць і ехаць у Гомель. А потым увогуле не прыязджаюць. А прайшло ўсяго паўтара года. А сядзець больш за пяць гадоў. І гэта найбліжэйшыя родзічы — сыны, дочкі, мужы. Гэта найбліжэйшае кола. А шмат якія сябры ўвогуле забыліся. Калі трэба было пагасіць штраф, гэтаму чалавеку скідваліся тут мы — былыя сукамернікі. Гэта цяжка.
Атрымліваецца, што нас сядзела 13 чалавек. І ў чатырох за гэты час памерлі бліжэйшыя сваякі. Гэта вельмі цяжка. Ты разумееш, што гэта назаўсёды, разумееш, што гэта твая віна, якую немагчыма забыцца, выправіць, загладзіць».
Глядзіце цалкам:
Чытайце яшчэ:
«Вялікі крызіс жанру». Рэдакцыя «Белсату» адказала на прапагандысцкі сюжэт БТ
Сярод абвінавачаных за «здраду дзяржаве» — шасцёра журналістаў і блогераў. Хто яны?
«Як журналісты сталі галоўнымі ворагамі Лукашэнкі». Выйшаў новы фільм пра беларускіх рэпарцёраў, пратэсты і рэпрэсіі