Вільня. Акцыя праваабаронцаў у знак салідарнасці з Украінай
21 верасня каля расейскай амбасады ў Вільні (Ukrainos Didvyrių str. 2) пройдзе акцыя ў падтрымку Ўкраіны. Мітынг пачнецца ў 16:30 і працягнецца каля гадзіны.
Акцыя арганізаваная праваабаронцамі з розных краінаў. Гэта Фонд Дамоў правоў чалавека з Нарвегіі і Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава. У мітынгу таксама возьмуць удзел Беларускі праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская Асацыяцыя Журналістаў, Прававая ініцыятыва, Беларускі Хельсінкскі камітэт, іншыя беларускія праваабарончыя арганізацыі і Дамы правоў чалавека з іншых краінаў.
Мэта акцыі – выказаць салідарнасць з Украінай, супраць якой Расія пачала ваенную агрэсію. Арганізатары мітынгу хацелі б звярнуць увагу на сваіх калегаў-праваабаронцаў, якія таксама змагаюцца за перамогу.
Многія украінскія праваабаронцы працягваюць сваю праваабарончую дзейнасць, у тым ліку – збіраюць інфармацыю пра ваенныя злачынствы. Дакументацыяй ваенных злачынстваў ва Ўкраіне займаюцца і некаторыя беларускія праваабаронцы – тыя, хто абраў застацца ва Ўкраіне, калі пачалася вайна.
На мітынгу выступяць міжнародныя праваабаронцы з прамовамі.
Таксама, з музычным нумарам, выступіць Цім Суладзэ – грамадзянін Беларусі, Грузіі і Расіі, які 24 лютага ў знак пратэста спаліў свае расейскія пашпарты.
Запрашаем да ўдзелу ўсіх ахвочых.
Фота: PIOTR PIATROUSKI