Віцебскіх журналістаў будуць судзіць за сюжэт для праграмы “Кожны з нас”
Выклікі ў Наваполацкі гарадскі суд атрымалі журналісты-фрылансеры Алена Шабуня і Вячаслаў Лазараў. У sms-паведамленнях, дасланых ім на тэлефон, пазначана, што супраць абодвух распачатыя адміністрацыйныя справы паводле артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).
Як распавяла Алена Шабуня, некалькі дзён таму да яе прыходзіў міліцыянт і распытваў пра здымкі ў Наваполацку, якія тычыліся гісторыі пажару на прадпрыемстве “Палімір”. Сюжэт пра гэтае здарэнне ўвайшоў у праграму “Кожны з нас”, паказаную на тэлеканале “Белсат”.
Іншых падрабязнасцяў журналісты не ведаюць: з матэрыяламі спраў міліцыянты іх не знаёмілі, усе дакументы ўжо перададзеныя ў суд. Не ўдалося даведацца нават прозвішча суддзі, якому даверылі разгляд, — у канцылярыі суда назваць яго адмовіліся. Пачатак судовага працэсу прызначаны на 15 траўня а 16.00.
Для Алена Шабуні і Вячаслава Лазарава гэта ўжо другі выпадак, калі іх судзяць за сюжэты на “Белсаце”. Першы раз іх прызналі вінаватымі ў “незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ” ў сакавіку 2018 года. Тады суддзя Віцебскага райсуда Міхаіл Зубеня пастанавіў аштрафаваць Алену Шабуня на 20 базавых велічынь, а Вячаслава Лазарава на 22 базавыя велічыні. Пастанову раённага суда журналісты спрабавалі абскардзіць у Віцебскі абласны суд, але суддзя Святлана Іванова адхіліла касацыйныя скаргі журналістаў.