Віцебск. Павел Левінаў: Штогод і заўсёды стаю за журналістыку!
Некалькі год запар Павел Левінаў, вядомы праваабаронца і БАЖавец, фатаграфуецца з плакатам “Станем за журналістыку” ў адным і тым жа месцы Віцебска — каля будынка закінутага раённага дома культуры на вуліцы Ільінскага .
Месца абрана ім не выпадкова: 5 лістапада 2014 года група віцебскіх журналістаў і актывістаў зладзіла фотасесію перад гэтым будынкам. Дакладней, на фоне графіці на сцяне — з намаляваных клетак вылятаюць птушкі, зробленыя з газет.
Вырашыўшы, што гэтае графіці надзвычай выразна ўвасабляе лёс незалежнай прэсы, удзельнікі фотасесіі тады “ажывілі” малюнак: сфатаграфаваліся з папяровымі клеткамі і птушкамі-арыгамі.
Пасля публікацыі фота ў інтэрнэце ў аддзеле міліцыі распачалі адразу 8 адміністрацыйных спраў супраць удзельнікаў фотасесіі.
Суд Чыгуначнага раёна Віцебска (суддзі Алена Цыганкова і Дзяніс Губанаў) пакараў журналістаў і актывістаў нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Штрафы атрымалі Зміцер Казакевіч, Алена Сцяпанава, Кастусь Мардзвінцаў — па 20 базавых велічыняў кожны, Алену Шабуню пакаралі штрафам у 18 базавых велічынь, каардынатарку аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Таццяну Севярынец і праваабаронцу Паўла Левінава аштрафавалі на 25 базавых велічыняў кожнага.
А мінак Пётр Берлінаў, які далучыўся да фотасесіі выпадкова, увогуле быў асуджаны на трое сутак арышту.
Справы за фатаграфаванне «з птушкамі і клеткамі» набылі шырокі грамадскі рэзананс, у тым ліку міжнародны. «Еўрапейская федэрацыя журналістаў» (IFJ) і ГА «БАЖ» выступілі з адкрытым лістом у падтрымку ўдзельнікаў фотасесіі. А прадстаўнікі IFJ правялі акцыю салідарнасці з віцебскімі калегамі — паўтарылі іх фотасесію ў Брусэлі, трымаючы ў руках папяровыя птушкі і клеткі, а таксама шыльдачкі з надпісам «Хіба гэта злачынства?»
У 2015‑м годзе, якраз напярэдадні міжнароднай кампаніі “Станем за журналістыку”, па загадзе з аблвыканкама знакамітае графіці «з птушкамі і клеткамі» зафарбавалі: замест трох клетак, з якіх вырываліся на волю зробленыя з газеты птушкі, цяпер тры няроўныя шэрыя квадраты.
Але гэтае месца стала знакавым: пра пераслед незалежных журналістаў даведаліся не толькі ў Віцебску, але і далёка за межамі Беларусі. Выява графіці “з птушкамі і клеткамі” трапіла і ў сэрыю паштовак , якую выпусцілі летась віцебскія БАЖаўцы.
5 лістапада — Станем за журналістаў! Далучайся!
У Слоніме сталі за журналістаў