• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вечар суботы. У журналіста Анатоля Гатоўчыца прайшоў трэці за год ператрус

    Чарговы, трэці па ліку вобшук за год, міліцыя ўчыніла ў Гомелі падвечар 5 лютага ў аднаго са старэйшых журналістаў рэгіёна Анатоля Гатоўчыца.

    Гэтым разам да яго дадому прыйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку Чыгуначнага РАУС — Алег Федзяй, Станіслаў Лукаўцоў. Яшчэ адзін міліцыянт не назваў свайго прозвішча ўцямна, паўтарыць адмовіўся — «Я вам не папугай, каб паўтараць». У пастанове на вобшук не было санкцыі пракурора горада Булынкі, хоць прозвішча яго стаяла ў верхнім правым кутку пастановы.

    «Мы паведамім пракурору пазней, бо сёння субота, пракуратура не працуе», — тлумачылі міліцыянты.

    Журналіст стаў пытацца пра аператыўную падставу для вобшуку — што адбылося такога, што ажно трое афіцэраў рынуліся на кватэру ў выходны дзень з вобшукам?

    «Бел-чырвона-белыя сцягі ў доме ёсць?» — не вытрымаў малады супрацоўнік, каторы не схацеў назваць прозвішча для запісу.

    Пытанне, апроч рогату, нічога не выклікала.

    Маёр Федзяй стаў тлумачыць, што 3 лютага а 20 гадзіне каля ўпраўлення ДАІ на вуліцы Федзюнінскага нехта раскідаў металічныя шыпы, і гэта мог быць журналіст.

    У пастанове на вобшук пазначана, што зламыснік, «дзейнічаючы з выключным цынізмам, раскідаў 48 канструкцый тыпу «ЁЖ».

    «Я стаў пытацца ў маёра, — расказвае Анатоль, — павінны ж быць некія факты, каб падазраваць? Федзяй без усякага вагання заявіў, што ёсць фотаздымак, праўда, не надта выразны, камплекцыя нібыта адпавядае маёй. Цікаўлюся: «Ну, а вопратка на «цыніку» якая на тым здымку»? Маёр паглядзеў на зімовую куртку, якая вісела ў вітальні, і кажа: «Во, падобная на вашу». Адказваю старшаму афіцэру, што ў гэтай куртцы я хаджу толькі ў выходныя, а на будні дзень у мяне зусім іншая».

    Анатоль дадае, што ад яго дому ў цэнтры да ДАІ як найменей за шэсць кіламетраў — дзяржінспекцыя знаходзіцца на паўночнай ускраіне горада. І прыдумаць, што ўвечары 3 лютага ён знаходзіўся на вуліцы Федзюнінскага мог толькі чалавек не ў сваім розуме.

    Тым часам малады міліцыянт стаў раскрываць у бліжэйшым ад вітальні пакоі шафы, выцягваць шуфляды, фатаграфаваць адзенне. Тое ж рабіў і ў астатніх пакоях, на што атрымаў пратэст ад гаспадароў. Убачыўшы на стале расійска-беларускі слоўнік Некрашэвіча і Байкова, таксама сфатаграфаваў, бо на ім былі чырвоныя гербы «Пагоня» і «БССР» ды іншыя мастацкія аздобы. Пэўна, добра, што сфатаграфаваў, бо хоць прачытае эпіграф, вынесены на вокладку: «Сонца навукі скрозь хмары цёмныя прагляне ясна над нашай ніваю».

    А яшчэ маладзён стараўся гаварыць па-беларуску, праўда, нёс нейкую бязглуздзіцу: «А гдзе вы былі ў жніўні, кагда нас, міліцыянераў, жглі на плошчы Леніна?» (гамельчане ведаюць, што ў тыя дні на плошчы быў брутальна затрыманы міліцыяй 25-гадовы жыхар Аляксандр Віхор, які праз двое сутак апынуўся ў моргу).

    Пасля вобшуку міліцыянты апыталі Анатоля Гатоўчыца, які патлумачыў, што 3 лютага ўвечары быў дома і ніякім чынам не мог знаходзіцца каля ДАІ. Да таго ж Анатоль у свой час быў нават грамадскім аўтаінспектарам у гэтай службе, яе кіраўнікі ахвотна падвозілі журналіста на сотню кіламетраў, калі трэба было хутка патрапіць на месца падзеі па журналісцкіх справах.

    Вобшук у кватэры Гатоўчыца доўжыўся каля гадзіны і скончыўся блізу 17.00. Ні «ёжыкаў», ні «кракадзілаў» у доме не выявілі і нічога не забралі. Толькі жонцы Марыі, таксама журналістцы, давялося выклікаць хуткую медычную дапамогу.

    «Не трэба быць вялікім правідцам, — зазначае Анатоль, — каб не разумець, што ўлады перад рэферэндумам па Канстытуцыі дазачышчаюць інфармацыйнае поле, імкнучыся навесці паболей страху ў грамадстве, і ў журналісцкай супольнасці тым болей».

    Анатоль Гатоўчыц — паўстагоддзя ў журналістыцы. Працаваў у газетах «Советская Белоруссия», «Народнай газеце», «Наша Свабода» ды некаторых іншых агульнанацыянальных медыя. Зараз ён на пенсіі, у апошні час супрацоўнічае з газетай «Народная Воля».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці