Узнагароджанне пераможцаў — самая прыемная частка конкурсу віцебскіх БАЖаўцаў
Арганізатары літаратурнага конкурсу твораў пра каханне з нецярплівасцю чакалі сапраўдную вясну, каб уганараваць пераможцаў у самай рамантычнай абстаноўцы. Аднак халоднае надвор’е перакрэсліла ўсе планы віцебскіх БАЖаўцаў, і ўрачыстасці давялося ладзіць у іншым фармаце.
Утульныя інтэр’еры фотастудыі “Колер” аказаліся вельмі дарэчы: рамантычная абстаноўка вельмі пасавала да самой ідэі конкурсу. А ўладальніцу першай прэміі Алену Іванееву чакаў яшчэ й дадатковы сюрпрыз: “сеанс прыгажосці” ад журналісткі Алены Шабуні, якая ўмее не толькі пісаць добрыя тэксты, але й валодае майстэрствам макіяжу, заснаваным на адмысловым навучанні і ўласным досведзе. Так што цукеркі ў сімвалічных каробачках-“сардэчках” для пераможцы конкурсу былі далёка не галоўным прызам за творчасць. І ўвогуле самае цікавае адбывалася перад аб’ектывамі фотаапаратаў, калі з Аленай Іванеевай і яе спадарожнікам жыцця Сяргеем працавалі фатограф Ігар Мацьвееў і сама гаспадыня, Вольга Цімашэнка.
Спадарыня Вольга, дарэчы, даўно супрацоўнічае з віцебскімі БАЖаўцамі, дапамагаючы ім у афармленні розных імпрэзаў. За гэты час журналістыка захапіла і яе асабіста: Вольга Цімашэнка з задавальненнем выконвае абавязкі прэс-сакратара Віцебскай Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў, наведвае адукацыйныя імпрэзы ГА “БАЖ”.
Як высветлілася, прыхільнасць да журналістыкі мае і пераможца конкурсу: Алена Іванеева скончыла курс “Журналістыка” ў Народным сацыяльным універсітэце – віцебскай установе нефармальнай адукацыі для дарослых па спецыяльнасці . Артыкулы Алены неаднаразова друкавала гарадская газета “Віцьбічы”, а цяпер яна гатовая да сталага супрацоўніцтва з сайтам http://vitebskby.com – інтэрнэт-рэсурсам, на базе якога праходзіў конкурс. З героем свайго апавядання Сяргеем Алена не проста прыйшла на фотасесію — яны ўжо дзевяты год ідуць поруч па жыцці, разам клапоцяцца пра сваіх дзяцей і ўнукаў, шмат падарожнічаюць, любяць прыгоды і розныя спаборніцтвы. А распачалося іхнае супольнае сямейнае шчасце менавіта так, як напісала Алена, — “дзякуючы своечасова распачатаму рамонту”…
Яшчэ адна пераможца конкурсу, Станіслава Цярэнцьева, зараз толькі марыць пра сваё будучае сямейнае шчасце. Але ў віцебскіх мінакоў, якія назіралі за фотасесіяй Станіславы і Кірыла , бадай што не было сумневаў: гэтая маладая пара абавязкова мусіць быць шчаслівай.
Станіславе 23 гады, яна захапляецца беларускім фальклорам, удзельнічае ў аднаўленні старажытных абрадаў, шмат падарожніча. І таксама мае хоць і невялікі, але сапраўдны журналісцкі дасвед – некаторы час яна супрацоўнічала з сайтам выдання «Витебский курьер». Зараз Станіслава Цярнцьева памяняла працу: яна працуе ў турыстычнай агенцыі, а піша ў асноўным для сацыяльных сетак. Так што эсэ “Каханаму” стала для дзяўчыны працягам публіцыстычнай працы і адначасова першай літаратурнай спробай.
Трэцяя пераможца праведзенага нага віцебскімі БАЖаўцамі конкурсу, Ганна Калугіна, жыве ў Полацку. Паколькі ўмовы былі размешчаны ў інтэрнэце, а да ўдзелу запрашалі ўсіх ахвотных, дзяўчына таксама вырашыла адгукнуцца, напісаўшы невялікі нарыс “Любовь живёт везде». Павіншаваць яе з перамогай вырашылі і полацкія БАЖаўцы, якія таксама рыхтуюцца зладзіць для Ганны і яе абранніка фотасесію – у родным горадзе.
“Конкурс прызнанняў “, як паміж сабой называюць яго віцебскія БАЖаўцы, праводзіўся ў рамках “Эстафеты добрых спраў”. Бо гэта ці не самая добрая справа ў свеце — расказаць блізкаму чалавеку пра свае самыя светлыя пачуцці, падзякаваць за самыя шчаслівыя хвіліны, праведзеныя разам. Бо такія прызнанні робяць шчаслівымі і закаханых, і ўсіх людзей навокал – калі яны ўмеюць радавацца за іншых.