• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У турме памёр Алесь Пушкін. Хто гэты геніяльны мастак і палітвязень, што згінуў у зняволенні

    «Які я крыж на сябе ўзваліў — такі і мушу несці, як бы цяжка ні было. Што мне тут пагражае? Ну пасадзяць мяне ад 5 да 12, але ж я буду жывы, ніхто мяне не заб’е». Цяпер гэтыя словы Алеся Пушкіна гучаць страшна. А сказаў ён іх «Нашай Ніве», вярнуўшыся ў Беларусь з‑за мяжы, калі супраць яго завялі крымінальную справу. З прынцыпу вярнуўся. На наступны дзень яго арыштавалі. Алесь Пушкін быў адным з самых значных сучасных мастакоў і іканапісцаў Беларусі. У яго была пакручастая біяграфія, якая ўключала вайну ў Афганістане і багемнае асабістае жыццё. Вось што пра яго вядома.

    Апошняе прыжыццёвае фота Алеся Пушкіна, зробленае ў судзе 30 сакавіка 2022 года

    Апошняе прыжыццёвае фота Алеся Пушкіна, зробленае ў судзе 30 сакавіка 2022 года

    30 сакавіка 2021 года Пушкіна забралі з працоўнага месца ў Жылічах Кіраўскага раёна, дзе мастак працаваў над рэстаўрацыяй палаца Булгакаў, і адвезлі ў гродзенскую турму. Роўна праз год яго асудзілі па артыкуле 130 ч. 3 «Распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы».

    Улады апалчыліся на партрэт антысавецкага партызана Аўгена Жыхара, які ў пасляваенны час дзейнічаў на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Улады лічаць карціну Пушкіна рэабілітацыяй нацызму. Сам Пушкін гэта адмаўляе.

    Калі была заведзена крымінальная справа, мастак працаваў у Кіеве, гэта было задоўга да пачатку вайны. Пушкін адразу вярнуўся, хаця і ведаў, што на радзіме яму можа пагражаць турма. «Нашай Ніве» ён тады сказаў, што гатовы да рэальнай барацьбы, а не да віртуальнай. Гэта быў далёка не першы выпадак, калі супраць мастака заводзілі крымінальную справу. Пушкін удзельнічаў у барацьбе спачатку за незалежнасць Беларусі ад Савецкага Саюза, а пасля супраць прарасійскага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

    Яго зямны шлях скончыўся 11 ліпеня 2023 года ў рэанімацыі Бальніцы хуткай дапамогі Гродна, куды яго з невядомых прычын і невядома ў якім стане даставілі з гродзенскай турмы.

    Атрымаў імя ад памерлага брата

    Мікалай і Ганна Пушкіны з дзецьмі Алесем і Святланай. Фота з архіва

    Мікалай і Ганна Пушкіны з дзецьмі Алесем і Святланай. Фота з архіва

    Пушкін нарадзіўся ў 1965 годзе ў мястэчку Бобр у Крупскім раёне. Бацька Мікалай працаваў электрыкам на баброўскім тартаку. Маці амаль нідзе не працавала, бо была інвалідам другой групы. 

    Бацька ў савецкі час быў сасланы ў Чыту, а потым на Сахалін. У пачатку 1990‑х Мікалая Іванавіча рэабілітавалі.

    Пушкін ганарыўся, што мінімум пяць пакаленняў ягонага роду жыло і жыве ў мястэчку Бобр, нікуды адтуль не з’язджаючы.

    Хата Пушкіных у Бабры. На ёй заўсёды вісеў беларускі нацыянальны сцяг. Так было да лютага 2021 года, калі пачаліся масавыя рэпрэсіі. Сцяг міліцыянты знялі ў адсутнасць мастака

    Хата Пушкіных у Бабры. На ёй заўсёды вісеў беларускі нацыянальны сцяг. Так было да лютага 2021 года, калі пачаліся масавыя рэпрэсіі. Сцяг міліцыянты знялі ў адсутнасць мастака

    Там жа, у Бабры, жыве і ягоная старэйшая сястра Святлана.

    Дарэчы, у сям’і быў ужо адзін Аляксандр Пушкін, але пражыў усяго адзін год. Праз чатыры гады гэтым самым імем назвалі іншага сына.

    Служба ў Афганістане

    Падчас службы ў Афганістане (злева)

    Падчас службы ў Афганістане (злева)

    Маляваць Алесь пачаў гадоў з шасці. А калі яму было трынаццаць, у Бобр прыехалі рэкруцёры са школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка. Туды збіралі таленавітых дзяцей з усёй БССР. Бацька прыняў валявое рашэнне адправіць сына на вучобу ў Мінск. Установа гэта была закрытай, за межы выходзіць было амаль немагчыма. Там Алесь правучыўся восем гадоў.

    Пасля чаго паступіў на вучобу ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Праўда, вучобу давялося перарваць службай у войску. Першыя паўгода Алесь прабыў у вучэбцы ў Камышыне, служыў там разам з Яраславам Раманчуком, а наступныя паўтара года адбыў у Афганістане, дзе служыў механікам у верталётным палку. Алесь згадваў, што нікога больш паслухмянага за беларусаў у войску не сустракаў.

    Ён апавядаў, як начальнік гаўптвахты, прапаршчык Бельскі, прачытаў ягоны дзённік па-беларуску, пасля чаго далажыў кіраўніцтву. Той пакараў Пушкіна 10 суткамі гаўптвахты. Агулам за службу Алесь адседзеў на «губе» 28 сутак.

    Адзін з першых палітвязняў

    У Беларусі Алесь далучаецца да «Талакі», потым да Беларускага народнага фронту. У 1988 годзе перад славутай акцыяй на Дзяды Пушкін клеіць улёткі з заклікам прыходзіць на мерапрыемства. У выніку яго затрымліваюць яшчэ да Дзядоў і даюць пяць сутак арышту, які ён адбывае ў ізалятары на Акрэсціна.

    25 Сакавіка 1989 года Алесь Пушкін выходзіць на вуліцу з перакрэсленым сцягам БССР і плакатам, на якім напісана: «Досыць сацыялістычнай, адродзім незалежную Беларусь». Так ён хацеў прайсці праз увесь сучасны праспект Незалежнасці да Дома ўрада, але яго завінцілі яшчэ ля Акадэміі навук.

    Быў суд, які пастанавіў пакараць мастака двума гадамі ўмоўна, а таксама пяццю гадамі паражэння ў правах. Пры гэтым Алеся нават не адлічылі з інстытута. На суд мастак прыйшоў у вышыванцы і на пытанні адказваў па-беларуску — у тыя часы гэта быў выклік савецкай сістэме.

    Пушкін часта выступаў з дзёрзкімі перформансамі і правакацыйнымі, спрэчнымі заявамі.

    Алесь з сябрамі ля суда

    Алесь з сябрамі ля суда

    У той самы год мастака сталі бамбіць у дзяржаўнай прэсе: маўляў, Пушкін марыць пра «Беларусь без жыдоў і камуністаў». Праз дзесяць гадоў Алесь скажа, што хоча Беларусь і з яўрэямі, і з камуністамі, каб у краіне было месца ўсім.

    Галерэя «Ў Пушкіна»

    Па размеркаванні Алесь паехаў у Віцебск. Ён казаў, што сам абраў гэты горад праз ягоную гісторыю, звязаную з жывапісам, — Шагал, Малевіч. Працаваў на мастацкім камбінаце, меў інтэрнат. Аднак гэтага Алесю было мала, у хуткім часе ён адкрывае першую на той момант у краіне прыватную мастацкую галерэю, якую сціпла называе «Ў Пушкіна».

    Менавіта там адбыўся з’езд беларускіх нацыяналістаў, які ініцыявалі Пушкін і Славамір Адамовіч. Мерапрыемства накрыла міліцыя. Закрыць галерэю давялося ў 1997 годзе.

    У Віцебску ў лістападзе 1994 года Алесь праводзіць адзін з самых яркіх перформансаў — басанож выходзіць па першым снезе на вуліцы горада, каб прайсціся тымі ж сцежкамі, што і ўніяцкі мітрапаліт Язафат Кунцэвіч. Потым Алесь сядзе ў човен без вёслаў, які будзе сплаўляцца па Дзвіне.

    Дзве пазашлюбныя дачкі, двое дзяцей у шлюбе

    Палітыка, аднак, не была для Пушкіна галоўным. Ëн жыў мастацтвам, а пра яго асабістае жыццё хадзілі легенды.

    У маладосці ў Алеся здарыўся раман з расійскай бізнэсвумен з Тамбова. Яму было 24, ёй — 39. У выніку нарадзілася дачка Ганна.

    Пасля Алесь выкліча шмат абмеркаванняў заявай, што ніколі б не пабраўся шлюбам з жанчынай, якая не гаворыць па-беларуску.

    Потым у віцебскі перыяд быў яшчэ адзін раман, у выніку якога нарадзілася дачка Даша. Пра яе існаванне мастак нават не ведаў доўгі час і пазнаёміўся з дачкой, калі ёй ужо было 17 гадоў. Абедзве дачкі гавораць па-беларуску.

    З жонкай Янінай. Фота: «Радыё Свабода»

    З жонкай Янінай. Фота: «Радыё Свабода»

    Шлюбам Пушкін пабраўся ў 1997 годзе. Яго абранніцай стала дзяўчына, далёкая ад багемы, — настаўніца са Стаўбцоўскага раёна Яніна Дэмух.

    Пазнаёміліся яны ў Магілёве, дзе Алесь працаваў над рэстаўрацыяй касцёла Святога Станіслава.

    Варта помніць, што з гадамі Пушкін з эпатажнага перформера ператварыўся ў таленавітага рэстаўратара, аўтара многіх ікон.

    Увогуле, Пушкін быў чалавекам, які перажыў і працягваў перажываць гіганцкую трансфармацыю — як мастацкую, так і ідэалагічную.

    Яніна — каталічка, Алесь — праваслаўны. У шлюбе ў іх нарадзіліся дзеці Міколка і Марыля. Першынца чакалі шэсць гадоў, за гэты час было два выкідышы. Бацькі адстаялі права, каб сын вучыўся ў школе па-беларуску.

    Роспіс царквы ў Бабры

    Адной з галоўных спраў жыцця Алесь называў роспіс царквы ў родным мястэчку Бобр. Гэты славуты сюжэт, дзе сярод грэшнікаў на страшным судзе быў адлюстраваны чалавек, падобны да дыктатара, таксама там былі намаляваныя амапаўцы і людзі, падобныя да высокіх праваслаўных іерархаў.

    Тую працу Алеся давялося замаляваць, але ўсё адно царква была распісаная ім. Па нядзелях Пушкін быў званаром у царкве.

    У 2011 годзе царква ў Бабры таямніча згарэла цалкам, давялося аднаўляць з нуля.

    Адзін з перформансаў Пушкіна: чырвоныя латэксныя пальчаткі сімвалізуюць кроў. Архіўнае фота

    Адзін з перформансаў Пушкіна: чырвоныя латэксныя пальчаткі сімвалізуюць кроў. Архіўнае фота

    Гной для Лукашэнкі

    Самы яркі перформанс Пушкіна — гэта, безумоўна, вазок з гноем, які ў ліпені 1999 года ён прыкаціў да Адміністрацыі Лукашэнкі. Чырвоная тачка, белыя пальчаткі. Алесь раскідаў гной, а наверх дэвальваваныя рублі і Канстытуцыю. І ўсё гэта пракалоў віламі. Яго схапілі міліцыянты, у пастарунку ён не называў свайго імя, а называўся «чалавекам з народа». У выніку яго адпусцілі пад падпіску, а праз нейкі час асудзілі за хуліганства зноў на тыя самыя два гады ўмоўна.

    Цікава, што ў 2015 годзе мастак прызнаваўся, што хацеў бы ў 2020 годзе прывезці да Адміністрацыі тачку з ружамі, калі Беларусь застанецца незалежнай дзяржавай, але ўсё выйшла зусім не так.

    Яшчэ адна крымінальная справа на Пушкіна магла быць заведзеная пасля фэсту «Аршанская бітва» ў верасні 2007 года. Мастака разам з маладафронтаўцамі даставілі ў аршанскі пастарунак. Калі праваахоўнікі адвярнуліся, Пушкін сцягнуў дзяржаўны сцяг і скінуў яго з другога паверха. Мастака хацелі судзіць за «дробны крадзеж», сам ён на судзе прасіў не ганьбіць яго такімі фармулёўкамі і завесці паўнавартасную крымінальную справу. Але ўсё скончылася 10 суткамі арышту.

    І гэта далёка не ўсе прыгоды, якія здараліся з мастаком. Яго арыштоўвалі за тое, што ў тэлефоннай размове ён кепска адгукаўся пра старшыню КДБ Сцяпана Сухарэнку, хацелі прыцягнуць да адказнасці за выбух, які адбыўся на сядзібе Алеся на Купалле-2013, калі гаспадар варыў крупнік. Пэўна, усіх гісторый, што здараліся з Пушкіным, хопіць на кнігу.

    Пушкін быў мастаком таго тыпу, пра якіх любяць здымаць фільмы і пісаць раманы.

    54-гадовы Алесь Пушкін дэманструе сінякі па выхадзе з Акрэсціна. Фота: «Радыё Свабода»

    54-гадовы Алесь Пушкін дэманструе сінякі па выхадзе з Акрэсціна. Фота: «Радыё Свабода»

    У 2020 Пушкіна збівалі падчас выбарчых падзей, ён таксама ператварыў гэта ў перформанс, калі дэманстраваў сінякі на жываце, спіне, дупе. Мастак адседзеў трое сутак на Акрэсціна. Ён удзельнічаў амаль ва ўсіх нядзельных шэсцях і не толькі, несучы з сабой ікону.

    26 сакавіка 2021 года лукашысты завялі на мастака крымінальную справу, зачапіўшыся за партрэт Аўгена Жыхара. 30 сакавіка пасля таго, як Пушкін вярнуўся ў Беларусь, яго затрымалі.

    Алесь Пушкін у аэрапорце па вяртанні ў Беларусь, 26 сакавіка 2021 года

    Алесь Пушкін у аэрапорце па вяртанні ў Беларусь, 26 сакавіка 2021 года

    Год мастака трымалі ў следчых ізалятарах. 25 сакавіка 2022 года падчас пасяджэння суда, якое ўяўляла сабой тыповую для палітычных судоў пры Лукашэнку інсцэніроўку, мастак парэзаў сабе жывот у знак пратэсту. Таксама Пушкін адмовіўся ўставаць, патрабуючы зняць з рук кайданкі.

    30 сакавіка таго ж года суддзя Алена Шылько вынесла мастаку прысуд — 5 гадоў калоніі строгага рэжыму.

    Алесь Пушкін быў адным з тысяч беларусаў, зняволеных па палітычных матывах.

    Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.

    З 2022 года, пасля поўнамаштабнага нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

    За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў. Сувязі з некаторымі вязнямі няма месяцамі.

    Што да Пушкіна, то адміністрацыя калоніі №22 у жніўні 2022 года пакарала яго пяццю месяцамі ў ПКТ. 

    А вясной гэтага года яго перавялі ў гродзенскую турму.

    У зняволенні Пушкін працягваў маляваць на падручных матэрыялах. Яго апошнія працы застануцца ў тых зняволеных і турэмшчыкаў, якія здолелі захаваць яго малюнкі. 

    Малюнак сукамерніка ў робе з надпісам «Карцар», зроблены Алесем Пушкіным у следчай турме №8 Жодзіна ў 2021 годзе

    Малюнак сукамерніка ў робе з надпісам «Карцар», зроблены Алесем Пушкіным у следчай турме №8 Жодзіна ў 2021 годзе

    У гродзенскай турме «Нашай Ніве» паведамілі, што Пушкін знаходзіўся ў Бальніцы хуткай медычнай дапамогі. У самой бальніцы пацвердзілі, што мастак-палітвязень быў пад канвоем у рэанімацыі. Сям’я нічога не ведала пра гэта.
    https://nashaniva.com/321385

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці