Уладзімір Арлоў выказаўся ў падтрымку журналістаў па “справе БелТА”
Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў выказаўся ў падтрымку незалежных журналістаў, абвінавачаных па крымінальнай справе аб нібыта незаконным доступе да інфармацыі.
— “Справа БелТА” мне, як літаратару, непазбежна прыводзіць на памяць раман Франца Кафкі “Працэс”. Своеасаблівым працягам гэтай аналогіі стала нядаўняе радаснае паведамленне БелТА пра дзень бясконцасці “8888” у валадаранні любімага прэзідэнта. Зноў звяртаючыся да літаратурных аналогій, згадваецца таксама раман Джорджа Оруэла “1984” з ягоным міністэрствам праўды.
Мы маем перад сабой брутальную спробу дзяржавы змагацца з тымі, хто супрацьстаіць падабенству гэтага міністэрства праўды ў выглядзе дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Якія даўно ўжо ператварыліся ў сродкі масавай прапаганды.
Але за вокнамі ўсё ж не 1984-ты, а 2018-ты, — кажа ў сваім звароце Уладзімір Арлоў.
Раней у падтрымку незалежных журналістаў, якім выставілі крымінальныя абвінавачанні, выступіла лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч.
7–9 жніўня ў рэдакцыях TUT.BY, інфармагенцтва БелаПАН, іншых СМІ, а таксама ў кватэрах журналістаў прайшлі вобшукі.
Былі затрыманыя галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, рэдактары партала: Ганна Калтыгіна,Галіна Уласік і Ганна Ярмачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова, уласны карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, рэдактар сайта газеты “Белорусы и рынок” Аляксей Жукаў.
Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання. Пасля вызвалення большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.
Следчы камітэт падазрае журналістаў у тым, што яны ажыццяўлялі несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Незалежныя аналітыкі перакананыя: “справа БелТА” — спроба ўладаў запалохаць і ўзяць пад кантроль галоўныя недзяржаўныя інтэрнэт-медыя. Журналістам пагражаюць штрафы і нават турэмныя тэрміны.
Главному редактору портала TUT.BY Марине Золотовой предъявили обвинение по «делу БелТА»
Як людзі па ўсёй краіне стаялі за журналістаў