У Віцебску стварылі “Медыяцэнтр Віцебскай вобласці” для дзяржаўных СМІ
“СМІ сталі сёння полем барацьбы”, — заявіў падчас адкрыцця медыяцэнтра старшыня праўладнага “Беларускага саюзу журналістаў” Андрэй Крывашэеў. А міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў падрабязна патлумачыў, якія функцыі ўскладзеныя на дзяржаўных журналістаў, каб “закрываць патрэбы нашых жыхароў у атрыманні аб'ектыўнай інфармацыі”.
Паводле канцэпцыі міністэрства інфармацыі, журналісты павінны трымаць сувязь з жыхарамі вобласці, якія звяртаюцца ў дзяржаўныя СМІ з тымі ці іншымі праблемамі. Сутнасць праблем трэба даносіць да дзяржаўных чыноўнікаў, а тыя будуць іх вырашаць. На думку Уладзіміра Пярцова, усе “звёны” ў гэтым ланцужку атрымаюць станоўчы вынік: насельніцтва будзе задаволенае, што іхныя скаргі прымаюць да ўвагі, журналісты заўсёды будуць мець працу, а дзяржаўныя чыноўнікі падвысяць свой аўтарытэт у вачах жыхароў Віцебшчыны — бо пачнуць вырашацца праблемы з ямамі на дарогах, адсутнасцю вулічнага асвятлення, пратэрмінаванымі прадуктамі ў крамах. З усім тым, што міністр параіў больш “не лічыць дробнымі тэмамі”.
Пра тое, чым канкрэтна дапаможа ў журналісцкай працы стварэнне “Медыяцэнтра Віцебскай вобласці”, які распачаў працу ў памяшканні рэдакцыі дзяржаўнай абласной газеты “Витебские вести” пры падтрымцы абласнога філіяла РУП “Белтэлекам”, падчас адкрыцця гаварылася хіба агульнымі словамі.
Вынікае, што гэта будзе адмысловая пляцоўка для брыфінгаў, прэсавых канферэнцый і падобных дзеяў. Таксама плануецца, што на яго базе журналістаў дзяржаўных выданняў будуць вучыць, як карыстацца сацыяльнымі сеткамі, здымаць відэаролікі, напаўняць кантэнтам сайты “раёнак”, якія сёння адстаюць у тэхнічным развіцці.
Прадстаўнікі раённых і абласных уладаў выказалі спадзяванні, што медыяцэнтр будзе “кансалідаваць журналісцкую і грамадзянскую супольнасці” і вучыць “правільна трансляваць праўдзівую інфармацыю, якая з’яўляецца галоўнай на парадку дня ў беларускай дзяржаве”.
Чытайце яшчэ:
Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў апеляцыю журналіста Сяргея Сацука
Асуджаны экс-дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў працуе ў швейным цэху калоніі
Барыс Гарэцкі: Усе разумелі, што Анджэя паказальна пакараюць