• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Віцебску і Оршы адбыліся прэм’ерныя паказы фільма “Ён такі, праваабаронца Павел Левінаў”

    Над дакуменальнай кінастужкай працавалі віцебскія журналісткі, Алена Сцяпанава і Вікторыя Дашкевіч, і відэааператар з Барысава Аляксандр Зянкоў.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/vitebsk_11_24_17_f3.jpg

    Ідэя стварэньня фільма належыць Алене Сцяпанавай. На яе думку, дакументальная стужка мусіць спрыяць фармаванню пазітыўнага іміджу праваабаронцы:

    “У Беларусі пра праваабаронцаў вядома няшмат. Большасць беларусаў вам дакладна не скажа, што гэта за людзі, і чым іхняя дзейнасць адрозніваецца ад працы юрыстаў альбо адвакатаў. Між тым, менавіта праваабаронца ў выпадку неабходнасці можа дапамагчы добрай парадай ці практычна  — скласці скаргу або заяву, падказаць, у якую інстанцыю найбольш мэтазгодна звярнуцца, і гэтак далей. Што да Паўла Левінава, то гэта праваабаронца з вельмі крэатыўнымі падыходамі да вырашэння розных праблем. Ён умее выкрываць абсурднасць сітуацый, у якіх парушаюцца правы чалавека, і калі гэты абсурд становіцца відавочным, людзі перастаюць баяцца адстойваць свае правы. “Тое, што смешна, – ужо не страшна,” – гаворыць у фільме наш галоўны герой.

    Над сцэнаром дакументальнай стужкі Алена Сцяпанава працавала разам са сваёй калегай Вікторыяй Дашкевіч. Адразу было вырашана: гэта фільм аніяк не мусіць быць сумным, бо сам Павел Левінаў – надзвычай пазітыўная асоба. Пачуццём гумару, уласцівага галоўнаму герою, мусіць быць прасякнуты ўвесь фільм.  І адначасова, падкрэслівае Вікторыя Дашкевіч, было вельмі важна знайсці баланс паміж вясёлым  і сур’ёзным :

    “Для нас важна, каб гледачы абавязкова даглядзелі фільм да канца – і не засумаваўшы адпачатку, атрымалі той месідж, дзеля якога стужка здымалася. Важна, каб глядач зразумеў, што праваабаронца – гэта той, хто прыйдзе на дапамогу, і гэтай дапамогі не варта цурацца. І што праваабаронцам, у прынцыпе, можа стаць кожны, –  калі ён гатоы бараніць свае правы і правы іншых”. 

    Падчас прэзентацый, якія прайшлі ў Віцебску і ў Оршы 21 і 22 лістапада, гледачам распавялі, як гэты фільм здымаўся.

    Здымачная група складалася ўсяго з двух чалавек: Алена Сцяпанава і Аляксандр Зянкоў аб’ехалі некалькі рэгіёнаў Беларусі, каб сустрэцца з калегамі Паўла Левінава, і ў сукупнасці правялі некалькі сутак са сваім героем – сустракалі яго з віцебскага ІЧУ пасля арышту, назіралі, як Павел Левінаў бавіць час на лецішчы, дзе адпачынак амаль заўжды даводзіцца спалучаць з працай, прысутнічалі  падчас размоў з людзьмі, якія звярталіся па дапамогу.

    Вельмі ўражвала, што ўсе, да каго здымачная група звярталася па каментары, адразу пагаджаліся на ўдзел у фільме, кажа Аляксандр Зянкоў:

    “Было вельмі прыемна пачуць столькі добрых слоў пра героя. Практычна ўсе адзначалі, што ў Паўла ёсць адмысловае пачуццё гумару, што ён умее крэатыўна падыйсці да рашэння кожнай праблемы. Прычым калегі Паўла імкнуліся не расхваліць яго перад камерай, а сапраўды прааналізаваць, наколькі гэткі падыход мэтазгодны ў праваабарончай дзейнасці, пералічвалі ягоныя дасягненні, прыводзілі канкрэтныя прыклады. На жаль, не ўсе аповеды ўвайшлі ў фільм, але тут нічога не зробіш: такі закон жанру дакументальнага кіно – час тут строга абмежаваны”.

    У фільме пра дзейнасць Паўла Левінава выказваецца нямала вядомых у Беларусі, знакавых асобаў. Гэта Таццяна Рэвяка – прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека імя Б. Звозскава, Людміла Ульяшына – юрыстка, кіраўніца праграмы ILIA Сеткі ДПЧ, старшыня РПГА «Беларускі Хельсінскі Камітэт» Алег Гулак, старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі. Гледачы пазнаюць у фільме і старшыню ГА “БАЖ” Андрэя Бастунца, і гомельскага калегу Паўла Левінава, праваабаронцу Леаніда Судаленку.

    Дарэчы, менавіта алюзія да яскравага флэшмобу Леаніда Судаленкі закладзена ў назву фільма “Ён такі”. Спадар Судаленка арганізаваў кампанію падтрымкі віцебскага калегі, калі таго асудзілі да арышту: ён прапаноўваў усім ахвотным сфатаграфавацца з плакатам “#я такі як Паша”. І напрыканцы дакументальнай стужкі гэтую фразу паўтараюць героі фільма, якія бачаць неабходнасць у абароне правоў чалавека, і гатовыя спрыяць гэтай справе.

    “Я быў вельмі ўражаны, калі падчас прэм’еры ў Віцебску па сканчэнні фільма гледачы таксама пачалі скандаваць: “Я такі як Паша!”. Яшчэ адно з наймацнейшых уражанняў падчас працы над фільмам – гэта тое, як да мяне трапіў сцэнар. Я тады якраз адбываў 15-суткавы арышт, і тэчку са сцэнаром мне перадалі за краты. Я адразу адчуў гэты подых салідарнасці з боку калег і журналістаў. Думаю, цэнзары таксама былі ўражаныя: не кожны дзень за краты перадаюць сцэнар фільмаў. А што да зместу, то ў гэтай стужцы ўсё праўда. Я насамрэч такі, як ёсць. Але не магу сказаць, што гэта мая асабістая заслуга:  я такі, бо навокал мяне такая рэчаіснасць і такія людзі,” – распавёў галоўны герой.

    Здымачная група фільма распачала цыкл прэзентацый на Віцебшчыне, ёсць ідэя наведаць і іншыя  рэгіёны Беларусі. Потым дакументальная стужка будзе  дасяжнай для вольнага прагляду ў сеціве.   

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці