У Мінску судзяць палітзняволеную Ксенію Луцкіну
Луцкіну абвінавачваюць у "змове ці іншых дзеяннях, здзейсненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады". Журналістцы пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
У Мінску судзяць палітзняволеную Ксенію Луцкіну. Крымінальную справу разглядае Мінскі гарадскі суд. Фотаздымкі з’явіліся на сайце sb.by.
Журналістку затрымалі ў снежні 2020-га па «справе Прэс-клуба»: яе абвінавацілі ў «нявыплаце падаткаў» (пасля закрыцця гэтай справы распачалі новую). Раней яна працавала на Беларускім тэлебачанні, але сышла адтуль на хвалі пратэстаў, далучылася да дзейнасці Каардынацыйнай рады. Супрацоўніцтва з ёй і стала падставай для завядзення крымінальнай справы. У зняволенні ў Ксеніі Луцкінай абвастрыліся праблемы са здароўем — пачала расці пухліна ў галаўным мозгу. Вядома, што Луцкіна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.
У судзе было агучана, што Ксенія Луцкіна «рыхтавала, рэдактавала, карэктавала розныя заявы і звароты» Каардынацыйнай рады. У гэтым следства пабачыла «дэстабілізацыю палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай і інфармацыйнай сітуацыі ў краіне». Таксама адзначаецца, што Луцкіна «была адным з лідараў… журналісцкай забастоўкі на Белтэлерадыёкампаніі, удзельнікі якой высоўвалі патрабаванні палітычнага характару». У судзе згадваліся сустрэчы журналісткі «у статусе лідара страйкама» з Марыяй Калеснікавай. А яшчэ нагадалі, што Ксенія Луцкіна «выступіла з ініцыятывай стварыць альтэрнатыўнае тэлебачанне» і нават «альтэрнатыўны Мінінфарм».
Чытайце яшчэ:
Зняволенага журналіста Андрэя Кузнечыка этапавалі ў Наваполацк
Сёння пачынаецца суд над Ігарам Леднікам: за артыкул у часопісе яму пагражае да 6 год калоніі
Палітвязні Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна ажаніліся ў СІЗА