У Магілёве журналіста затрымалі ля ўласнага дома, завезлі ў міліцыю і склалі пратакол
У Магілёве ўвечары 12 сакавіка супрацоўнікамі Кастрычніцкага РАУС быў затрыманы каля свайго дома відэааператар-фрылансер Міхаіл Аршынскі. Журналіста даставілі ў райаддзел міліцыі і склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле артыкула 22.9 КаАП РБ.
Міліцыянты не паведамілі Аршынскаму прычыну затрымання. Па дарозе ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва журналіст паспеў ўключыць стрым на Youtube, дзякуючы чаму многія змаглі паглядзець, якім чынам ажыццяўлялася яго дастаўка ў пастарунак. У самім памяшканні райаддзела міліцыі весці відэаздымку і гуказапіс яму забаранілі, прымусіўшы пакінуць тэлефон у скрыні ў дзяжурнай частцы.
У РАУС журналіста пратрымалі дзесьці паўтары гадзіны, у дачыненні да яго склаліадміністрацыйны пратакол за парушэнне заканадаўства аб СМІ паводле арт. 22.9 КаАП(незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Аршынскаму таксама ўручылі позву ў суд на 19 сакавіка.
Па словах Міхаіла Аршынскага, падставай для затрымання і адміністрацыйнага пераследу сталавідэаздымка ім акцыі супраць павышэння коштаў на бензін, што праходзіла 8 лютага каля гіпермаркета «Е‑сіці».
Затрыманне, якое праводзілі супрацоўнікі міліцыі Волкаў і Бяляцкі, журналіст назваўабсалютна неабгрунтаваным, паколькі ён ніяк не хаваўся ад міліцыі, і яго можна было б выклікаць у РАУС звычайнай позвай. Распачаты адміністрацыйны працэс Міхась Аршынскі расцэньвае як палітычны пераслед за прафесійную дзейнасць.
Цікава, што, калі магілёўскі журналіст, сябра ГА “БАЖ” Уладзімір Лапцэвіч наведаў Кастрычніцкі РАУС падчас знаходжання там Аршынскага, супрацоўнікі дзяжурнай часткі спачатку заяўлялі, што яго там няма. Затым дзяжурны Мельнікаў сказаўЛапцэвічу, што Аршынскі не затрыманы і знаходзіцца ў якасці наведніка ў 301‑м кабінеце. Калі незалежны відэааператар быў выпушчаны пасля складання пратакола, аказалася, што ён таксама падпісаўся ў пратаколе аб адміністрацыйным затрыманні. Аршынскі лічыць, што супрацоўнік міліцыі адмыслова ўводзіў у зман людзей, якія хваляваліся за яго, і зрабіў адпаведны запіс у Кнізе заўваг і прапаноў Кастрычніцкага РАУС.
Нагадаем, што сёлета напрыканцы лютага – на пачатку сакавіка суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прыцягнуў да адміністрацыйнай адказнасці паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАПнезалежных журналістаў Аліну Скрабунову і Аляксандра Сідарэўскага. Суд пакараў фрылансераў штрафамі ў памеры 50 і 20 базавых велічынь адпаведна за рэпартаж пра юбілей Магілёўскага тралейбуснага парка.
Сёння Скрабунова і Сідарэўскі павінны наведаць Ленінскі РАУС Магілёва, куды іх выклікалі позвамі. 10 сакавіка супрацоўнікі РАУС правялі апытанне журналістаў наконт відэасюжэта ў эфіры тэлеканала “Белсат” пра суд над магілёўскім актывістам Паўлінковічам, які быў пакараны штрафам за ўдзел у акцыях у падтрымку дзяржаўнага суверынетэту.