У Ігара Логвінава забралі літаратуру на мяжы
На беларуска-літоўскай мяжы ў выдаўца Ігара Логвінава забралі 20 асобнікаў зборніка філасофскіх артыкулаў і дакладаў выкладчыцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Таццяны Шчытцовай «Антрапалогія. Этыка. Палітыка».
Выява з сайта Радыё «Свабода»
Як распавёў прэс-службе ГА “БАЖ” Ігар Логвінаў, выпадак адбыўся 9 красавіка на мытным пераходзе Каменны Лог. Выдавецтва “ЛогвінаЎ” да кнігі дачыненні не мела – яе выпусціў ЕГУ, а Ігара Логвінава проста папрасілі захапіць 20 асобнікаў і завезці на прэзентацыю ў Мінску.
Падставай для вынятку кнігі стала падазрэнне, што яна можа нанесці шкоду дзяржаўным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Па словах І. Логвінава, мытнікі доўга гарталі яе і ў выніку вырашылі затрымаць. Па іх словах, цяпер на мытні ўведзены “больш жорсткі рэжым” адносна інфармацыйнай прадукцыі. Быў складзены акт адбору проб і ўзораў. Ігару Логвінаву сказалі, што ён можа тэлефанаваць на мытню, каб даведацца пра далейшы лёс кніг.
Аўтарка кнігі Таццяна Шчытцова ў гутарцы з Радыё “Свабода” выказала здагадку, што ўвагу мытнікаў прыцягнуў раздзел кнігі “Філасофія і палітыка” – у ім некалькі тэкстаў было прысвечана прэзідэнцкім выбарам у Беларусі 2006 і 2010 гадоў.