• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Затрымалі былую журналістку Ларысу Шчыракову. Яе сын-падлетак у сацыяльным прытулку

    У Гомелі вечарам 6 снежня сілавікі затрымалі Ларысу Шчыракову, былую журналістку, вядомую ў рэгіёне сваімі дэмакратычнымі поглядамі. Яе 15-гадовага сына Святаслава забралі ў сацыяльна-педагагічны цэнтр у Гомельскім раёне.

    Прычыны затрымання пакуль невядомыя. Сама Шчыракова знаходзіцца зараз у ізалятары часовага ўтрымання Гомельскага УУС, сын – у прытулку.

    Раней Ларыса супрацоўнічала з незалежнымі выданнямі. Але яшчэ ў 2021 годзе Шчыракова публічна заявіла, што сыходзіць з журналістыкі. Свой сыход яна патлумачыла тым, што ёй і без таго хапіла пераследу за працу без акрэдытацыі:

    цягалі ў міліцыю, за прафесійную дзейнасць штрафавалі праз суды больш за сорак разоў.

    Былі і іншыя формы пераследу – сачылі за асабістым жыццём, рабілі інфармацыйныя ўкіды ў сацыяльных сетках, размяшчалі яе прыватныя фотаздымкі ў агульным доступе, затрымлівалі на акцыях. Адно што “сутак” не прызначалі, паколькі журналістка гадавала непаўнагадовага сына.

    У Шчыраковай быў свой праект па ўшанаванні памяці рэпрэсаваных, які называўся «Забітыя і забытыя». Яна запісвала на відэа сведчанні сваякоў рэпрэсаваных, рабіла на іх падставе дакументальныя фільмы, размяшчала іх на YouTube.

    Летась Ларыса зарэгістравалася ў выканкаме як індывідуальная прадпрымальніца, каб займацца этнафотасесіямі. Здымала за аплату ахвочых людзей у народных беларускіх строях і выкладвала па згодзе фотаздымкі ў Face­book.  Шчыракова мае багатую калекцыю аўтэнтычнага тэкстылю, вышыванак, тканых рушнікоў, посцілак з гомельскага рэгіёна. Праз этнафотасесіі і папулярызавала беларушчыну.

    У верасні пасля арышту былога калегі па журналісцкаму цэху Яўгена Меркіса Шчыракова ў сваіх допісах у сацыяльных сетках узнімала пытанні ўтрымання журналіста ў следчым ізалятары, посціла на сваіх старонках паведамленні пра акцыі салідарнасці з Яўгенам, які ладзіліся ў замежжы.

    Ларыса Шчыракова скончыла ў свой час гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны. Працяглы час выкладала ў школе англійскую мову. Яна была ў ліку заснавальнікаў моладзевай краязнаўчай суполкі «Талака», закрытай цяпер уладамі. У журналістыку Ларыса прыйшла ў 2008 годзе. Гэта было, бадай, пакліканне творчай і дзейнай асобы, якая дбае пра родны край і яго росквіт.

    Чытайце яшчэ:

    «А хто робіць свет лепшым? Ідэалісты», – размова пра Нобелеўскую прэмію і справу, якая больш за працу

    Навошта ліць слёзы па «Дажджы». Або для каго працуюць расійскія медыя за мяжой

    Журналіста Дзмітрыя Семчанку перавялі ў Жодзіна

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці