У Гомелі журналістаў-фрылансераў ізноў вінавацяць ва ўдзеле ў недазволеным маршы
Журналісты-фрылансеры, сябры ГА "БАЖ", муж і жонка Сяргей Ляпін і Марыя Ляпіна-Булавінская 18 верасня атрымалі з Чыгуначнага РАУС Гомеля адміністрацыйныя пратаколы. Журналістаў абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 6 верасня.
«Напярэдадні на нумар мужа ў Viber прыйшло запрашэнне ў Чыгуначны РАУС на імя нейкай Ляпінай С.А., натуральна мы ў міліцыю не пайшлі. А сёння нам ужо даслалі пратаколы за подпісам намесніка начальніка Кавалёва. Мяне вінавацяць ва ўдзеле ў недазволеным маршы 6 верасня на праспекце Леніна, а Сяргея — невядома за што, але таксама паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34», — паведаміла карэспандэнту службы маніторынгу ГА «БАЖ» Марыя Ляпіна-Булавінская.
У нядзелю, 6 верасня, журналісты здымалі ў Гомелі чарговы пратэстны марш супраць фальсікацыі вынікаў прэзідэнтцкіх выбараў, пра што расказалі ў відэароліку «Атмасфера на гомельскім маршы Адзінства», які выклалі ў Facebook.
Некаторыя фрагменты з маршу ўвайшлі ў відэаролік «Пратэсты, затрыманні, гвалт, барацьба за свабоду і праўду. Хроніка падзеяў Гомеля пасля выбараў».
Відэаролікі наглядна паказваюць, чым займаліся на маршы Марыя і Сяргей.
Выглядае на тое, што міліцыя наўмысна абвінавачвае журналістаў у правапарушэннях, якіх яны не ўчынялі, каб перашкодзіць распаўсюду інфармацыі пра пратэсты ў краіне.
За асвятленне пратэстных вулічных акцый у Гомелі пакаралі арыштамі ці штрафамі журналістаў: Ларысу Шчыракову, Андрэя Толчына, Марыну Драбышэўскую, Яўгена Меркіса, у Акцябрскім — блогера Андрэя Павука, у Рэчыцы — фатографа Аляксея Змушко. На падставе міліцэйскіх пратаколаў і сведчанняў суды прызналі іх вінаватымі ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах паводле артыкула 23.24 КаАП.