У Гомелі судзяць блогера Філіповіча «за падмену дзяржаўных СМІ»
Максім Філіповіч заявіў у інтэрвію Свабодзе перад пачаткам суду: «Мяне зьнішчаюць як канкурэнта, каб меней было непадцэнзурнай інфармацыі».
Гомельскага блогэра Максіма Філіповіча 21 ліпеня выклікаюць у суд Савецкага раёну Гомлю. Міліцыя вінаваціць блогера ў парушэньні часткі 1 артыкулу 10 Закону аб СМІ.
Міліцыя лічыць, што блогер адкрыў тэлекампанію, парушыўшы Закон аб СМІ.
«На тэлекампанію я не замахваўся. У мяне на відэахостынгу YouTube ёсьць канал «Гарантий НЕТ». Мае сябры-блогеры з розных краінаў адкрыта сьмяюцца, калі даведваюцца, што на YouTube нешта трэба засноўваць ці рэгістраваць.
Калі ўважліва пачытаць прэтэнзіі з адміністрацыйнага пратаколу, частку 1 артыкулу 10 Закону аб СМІ, то ў ёй толькі канстатуецца, хто можа засноўваць сродкі масавай інфармацыі. Фізычныя асобы ў тым ліку. А мне міліцыя «шые» нейкія парушэньні, каб накласьці адміністрацыйны штраф. Раней за стрымы арыштоўвалі, цяпер хочуць стварыць прэцэдэнт — аштрафаваць за відэа на YouTube пад выглядам незаконнага вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ.
Сотні беларусаў выкладваюць свае здымкі на гэтай відэахостынгавай плятформе, у тым ліку і на платнай аснове. Нават Нацыянальнае тэлебачаньне разьмяшчае там свае відэаматэрыялы. Цікава было б даведацца, што, дзе і як з гэтай прычыны тэлебачаньне заснавала ці зарэгістравала», — сказаў Філіповіч Свабодзе.
Ён лічыць прэтэнзіі міліцыі неабгрунтаванымі:
«Я прачытаў рапарт міліцэйскага падпалкоўніка з УУС Гомельскага аблвыканкаму ягонаму кіраўніцтву, у якім сказана, што я „падмяняю дзяржаўныя СМІ, у тым ліку і ў фармаваньні грамадзкай думкі сярод грамадзянаў Рэспублікі Беларусь“. Рапарт з рэзалюцыяй намесьніка начальніка абласной міліцыі пераслалі ў Савецкі РАУС, на падставе якога ўчастковы Акуліч і склаў на мяне адміністрацыйны пратакол паводле арыкулу 22.9 як за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Прычым двойчы. Першы раз суд вярнуў на дапрацоўку, а цяпер ужо будуць судзіць. Зьнішчаюць як канкурэнта, каб меней было непадцэнзурнай інфармацыі, відэа асабліва».
Судовы перасьлед не прымусіць блогера адмовіцца дзейнасьці:
«Пратаколы й суды, безумоўна, час адбіраюць. Але я не кідаю свайго ўлюбёнага занятку. Працягваю здымаць, іншым разам камэнтаваць. Апошні час было багата судоў, зьвязаных з праблемамі забудовы гораду. Здымаў па дзьве-тры гадзіны запар. Нават атрымліваў заўвагі ад наведвальнікаў: навошта такія працяглыя відэа? Адказваю: для гісторыі».
Іншую працу Максім пакуль не шукаў:
«На біржу таксама не хадзіў — даўно адбілі ахвоту. Жонка нядаўна спрабавала ўладкавацца прадаўцом у адну фірму з даволі сьмешным заробкам — 230 рублёў. Спачатку нібыта пагаджаліся ўзяць, а потым рэзка адмовілі».