• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Гомелі не пусцілі ў эфір выступ кандыдата са словамі: «Лукашэнка павінен сысці»

    Гомельскае дзяржаўнае тэлебачанне двойчы не пусціла ў эфір выступы апазіцыйных кандыдатаў.

    Тэлерадыёкампанія “Гомель” двойчы не пусціла ў эфір тэлеканала “Беларусь 3”  перадвыбарчыя тэлевыступы кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія балатуюцца на Гомельшчыне.

    Увечары 28 кастрычніка гучала музыка замест відэапрамовы кандыдата ад Партыі БНФ у Мазырскай выбарчай акрузе № 42, актывіста руху “Еўрапейская Беларусь” Міхася Бандарэнкі.

    Бандарэнка нарадзіўся і вырас у Мазыры. Тут вучыўся ў ліцэі будаўнікоў, набыў спецыяльнасць мантажніка металаканструкцый і трубаправодаў. Кажа, што ўдзельнічае ў парламенцкай кампаніі дзеля таго, каб на дзяржаўным узроўні вырашаць праблемы, з якімі сутыкаюцца жыхары індустрыяльнага горада.

    Забарону на трансляцыю ў эфіры свайго тэлевыступу Міхась Бандарэнка звязвае з выказваннем пра існаванне ў Беларусі дыктатуры і пра неабходнасць Лукашэнку сысці.                                                                                                                        

    Скаргу ў акруговую ці Цэнтральную выбарчую камісію Міхась падаваць не будзе, каб не марнаваць час. “Выкладу свой выступ у інтэрнэт і займуся правядзеннем агітацыйных пікетаў”, — заяўляе мазырскі кандыдат у дэпутаты.

    22 кастрычніка  тэлерадыёкампанія “Гомель” таксама не выпусціла ў эфір выступ кандыдата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых, які балатуецца ў Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 33. Няпомняшчых перакананы, што яго запіс не пайшоў у эфір, бо першым пунктам яго перадвыбарчай праграмы запісаны “імпічмент Лукашэнку”.                                                                                   

    Кіраўніцтва тэлерадыёкампаніі “Гомель”, якое паводле распараджэння ЦВК запісвае звароты кандыдатаў у дэпутаты і пускае іх у эфір тэлеканала “Беларусь 3”, не пракаментавала  ніводнай сітуацыі з забаронай — спасылаецца праз памочнікаў на моцную занятасць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці