У Германіі прэзентавалі кнігу Аляксандра Тамковіча
«Чарнобыльскі шлях. Ад катастрофы да сада надзеі» — кніга вядомага беларускага журналіста і пісьменніка Аляксандра Тамковіча з’явілася і на нямецкай мове. У Берліне адбылася прэзентацыя гэтай версіі выдання.
На імпрэзу, якая прайшла ў канферэнц-залі Нямецкага фонду Маршала (ЗША), прыехалі людзі з многіх куткоў Германіі, а таксама са Швейцарыі. Гэта тыя, хто шмат гадоў займаўся і працягвае займацца дапамогай ахвярам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Усіх іх аб’ядноўвае супрацоўніцтва з Беларускім дабрачынным фондам «Дзецям Чарнобыля», які некалькі гадоў таму спыніў сваё існаванне. Тым не менш, нягледзячы ні на што, яны працягваюць займацца праблемамі чарнобыльскай Беларусі.
Па словах аднаго з кіраўнікоў фонду «Дзецям Чарнобыля» прафесара Ірыны Грушавой, з’яўленню нямецкамоўнай версіі кнігі папярэднічала вялікая праца. Трэба было знайсці перакладчыкаў, рэдактараў, карэктараў, таму ў выніку ў працы былі задзейнічаны шмат людзей.
Варта адзначыць, што нямецкамоўнае выданне па памеры больш як у два разы «мажнейшае» за беларуска-рускамоўнае, прэзентацыя якога адбылася ў Мінску яшчэ ўвесну бягучага года. Стваральнікі кнігі патлумачылі гэта некалькімі прычынамі. Па-першае, нямецкая мова адрозніваецца ад беларускай большымі па памеры канструкцыямі, але не гэта галоўнае. У новым выданні з’явіліся дапаўненні, фатаздымкаў стала нашмат больш, да таго ж вельмі шчымлівую прадмову напісаў кіраўнік германскай рады чарнобыльскіх ініцыятываў пастар Буркхард Хамаер, які займае гэтую пасаду з моманту яе тварэння 22 гады таму.
Некалькі словаў пра саму кнігу. Яна складаецца з 42 артыкулаў і інтэрв’ю. Сярод сааўтараў — лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, слынны беларускі паэт і палітык Уладзімір Някляеў, рэжысёр Юры Хашчавацкі, журналіст Яўген Агурцоў, мастак Аляксей Марачкін ды іншыя.
Ідэя гэтай кнігі з’явілася вельмі даўно, яшчэ пры жыцці Генадзя Грушавога, распавядае аўтар Аляксандр Тамковіч. «Аднак справа ўсё адкладалася і адкладалася з прычыны занятасці ці яшчэ з‑за чагосьці, а потым цяжка захварэў Генадзь Уладзіміравіч, і так атрымалася, што кніга ўбачыла свет ужо пасля ягонага скону», — з сумам адзначыў суразмоўца.
Пра што сама кніга? Слова аўтару. «Яна пра дзейнасць фонду «Дзецям Чарнобыля». Пра гэтую дзейнасць сапраўды было варта распавесці. Адных толькі дзяцей на аздараўленне за мяжу было адпраўлена 600 тысяч. Калі дадаць да іх яшчэ бацькоў, блізкіх, знаёмых, то атрымліваецца яшчэ адзін Мінск. А ячшэ сотні тон гуманітарных грузаў, лекаў. Стажыроўкі нашых спецыялістаў у розных накірунках, пераважна медыкаў, вымяраліся сотнямі. Вось пра гэта і напісана кніга. Вялікі дзякуй тым людзям, якія дапамагалі нам, беларусам, у пераадоленні чарнобыльскае бяды», — сказаў Аляксандр Тамковіч.
Асноўнымі фігурантамі кнігі, па словах аўтара, з’яўляюцца немцы. «У свеце створаны больш за 600 чарнобыльскіх ініцыятываў. Больш за 300 прыпадаюць на Германію. То бок, пераважная доля дапамогі таксама прыпадае на Германію. Летась адзначалася сямідзесяцігоддзе перамогі. Раней немцы прадставалі ў адным абліччы — акупантаў, фашыстаў і гэтак далей. Сёлета — трыццацігоддзе Чарнобыля. Я гэтай кніжкай хацеў паказаць, што немцы былі розныя, — адзначае аўтар. — Быў час, калі нам было сумна і страшна, і быў час, калі страшна, але не так, бо вораг, які раней быў ворагам, аказаўся сябрам і працягнуў руку дапамогі. Гэта вельмі сур’ёзна само па сабе. І ўвогуле, я вельмі здзівіўся, што праз трыццаць гадоў пасля гэтай жудаснай падзеі яшчэ нехта рупіцца пра нашых дзяцей, якія да гэтага часу ездзяць на аздараўленне».
Сярод тых, хто прымаў удзел у берлінскай прэзентацыі, быў і паэт Уладзімір Някляеў. Ён распавёў, што ў першыя дні пасля выбуху ў Чарнобылі сам быў на АЭС. «Гэта было жудаснае відовішча. Але самае страшнае было тое, што на ліквідацыю катасторофы ў першыя ж гадзіны былі кінутыя маладзенькія хлопчыкі — 19–21-гадовыя салдацікі тэрміновай службы, якія толькі ў балахонах хімічнай абароны ухватамі скідалі з даху рэактара ўніз кавалкі графітавых стрыжняў, атрымліваючы неверагодныя дозы радыяцыі. Ім казалі, што яны добра абаронены гэтай прымітыўнай вопраткай. Хоць навукоўцы і чыноўнікі добра ведалі, што пасылаюць юнакоў літаральна на смерць. Гэта было наўмыснае забойства!» — заявіў прамоўца.
Выступалі яшчэ многія людзі, што спрычыніліся да дзейнасці фонду Грушавога, якія самі шматкроць былі ў Беларусі, прымалі нашых дзетак у сваіх сем’ях, стваралі дабрачынныя ініцыятывы ў сваіх вёсках і мястэчках. Вельмі кранальнай была дэманстрацыя архіўнага выступу на адной з сустрэчаў у Германіі Генадзя Грушавога, дзе ён казаў, што для яго не важна, хто жадае дапамагаць чарнобыльскім дзеткам — палітыкі правага ці левага накірунку, але ён не дапусціць, каб малагадовыя ахвяры чарнобыльскае бяды сталі яшчэ і ахвярамі палітычных спекуляцыяў.
Але прэзентацыяй справа не скончылася. На наступны дзень адбылася штогадовая нарада прадстаўнікоў чарнобыльскіх ініцыятываў Германіі і Швейцарыі. І там абмяркоўвалася кніга Аляксандра Тамковіча, але не толькі яна. Буркхард Хамаер з сумам прызнаў, што тэма Чарнобыля адыходзіць на другі план з прычыны іншых сумных падзеяў, якія адбываюцца ў свеце. Да таго ж, узрост тых, хто пачынаў дабрачынную дзейнасць разам з фондам «Дзецям Чарнобыля», становіцца больш сталым, многім ужо за 80, некаторым пад 90. «Мы бачым сябе ў люстэрках, у нас сівыя галовы, а новых, маладых людзей амаль няма. Таму трэба думаць, як нам захаваць сваю дзейнасць. Магчыма, што кніга Аляксандра Тамковіча магла б стаць дапаможнікам нашым актывістам у гэтым плане», — выказаў меркаванне Буркхард Хамаер. З ім пагадзіліся ўдзельнікі дыскусіі.
Дарэчы, гэты варыянт выдання яшчэ не канчатковы. Па словах укладальнікаў, ён — папярэдні, сігнальны, таму да вясны ў кнізе могуць з’явіцца і тэкставыя дапаўненні, і новыя фатаграфіі. Поўнае нямецкамоўнае выданне можа ўбачыць свет да наступнай гадавіны чарнобыльскае трагедыі.