У Бабруйску адкрылі першы помнік Алесю Адамовічу і зладзілі тэатралізаваную экскурсію ФОТА
Бабруйчане адкрылі першы помнік Алесю Адамовічу і правялі экскурсію-спектакль па ягоных творах.
Ідэю бюста і шпацыра распрацавала і рэалізавала ініцыятыўная група, у якую ўваходзяць сябры бабруйскай суполкі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
“Паказаць свабоднага чалавека”
Бюст усталявалі ў вёсцы Глуша праз 25 гадоў пасля смерці пісьменніка. Урачыстае адкрыццё адбылося 9 лістапада. Цырымонія распачалася з малебна і ўскладання кветак на магіле Алеся Адамовіча на глушанскіх могілках. Пасля мясцовыя жыхары, госці з Бабруйска, Мінска, Магілёва, Слуцка сабраліся вакол помніка каля Дома культуры.
Адкрывалі бюст дачка Алеся Адамовіча Наталля Адамовіч, ініцыятар усталявання помніка, грамадскі актывіст Андрусь Архіпенка, аўтар бюста, скульптар Генік Лойка, старшыня Глушанскага сельсавета Марыя Сушчанка, намесніца старшыні Бабруйскага райвыканкама па ідэалагічнай працы Таццяна Варанко.
Пра ўсталяванне ў Глушы помніка Алесю Адамовічу даўно марыла старшыня глушанскага сельсавета Марыя Сушчанка. За рэалізацыю ідэі ўзяўся бабруйчанін Андрусь Архіпенка. Разам з Андрусём працавала ініцыятыўная група, у якую ўвайшлі бабруйскія “бажаўцы”: Наталля Халанская, журналістка ў мінулым, цяпер — гаспадыня тайм-клуба “1387” у Бабруйску, Алеся Лацінская, журналістка, Марына Маўчанава, журналістка, кіраўніца бабруйскай суполкі ГА “БАЖ”.
На пачатку 2018 года былі сабраныя подпісы за помнік, а пасля і грошы з дапамогай краўдфандынгу. Сярод ахвярадаўцаў — стваральнік партала tut.by Юры Зісер і нобелеўская лаўрыятка па літаратуры Святлана Алексіевіч.
Аўтар бюста — скульптар Генік Лойка. На пытанне, што найперш ён хацеў перадаць у помніку, якія рысы Алеся Адамовіча, скульптар адказаў: “Свабоду. Свабоднага чалавека”.
Вайна і каханне пад стрэхамі: героі Алеся Адамовіча “ажылі” падчас тэатралізаванай экскурсіі
10 лістапада, на наступны дзень пасля адкрыцця помніка, у Глушы прайшла экскурсія-спектакль па выбраных творах Адамовіча. Гэты праект перамог сёлета ў конкурсе сацыяльных праектаў Social weekend і атрымаў фінансаванне ад “Беларусбанка”.
Сцэнар для экскурсіі напісала вядомая беларуская драматург Вольга Прусак. У герояў твораў Адамовіча пераўвасобіліся акцёры беларускага тэатра імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Экскурсанты пабачылі эпізоды з такіх аповесцяў, як “Нямко”, “Хатынская аповесць”, “Вайна пад стрэхамі”, “Венера, альбо як я быў прыгоннікам”. Гідам была кіраўніца бабруйскай суполкі ГА “БАЖ” Марына Маўчанава.
Акцёры гралі вельмі эмацыйна. Некаторыя экскурсанты казалі, што часам было цяжка стрымаць слёзы. Настаўнікі, якія былі сярод удзельнікаў экскурсіі, прасілі арганізатараў паўтарыць гэты праект. Яны зазначалі, што на гэткіх рэчах варта выкладаць дзецям літаратуру, бо менавіта такі, жывы візуальны фармат ім цікавы і зразумелы.
Сябры ініцыятыўнай групы “Глуша Адамовіча” спадзяюцца, што ўвесну атрымаецца яшчэ правесці тэатралізаваны шпацыр па творах Алеся Адамовіча.