Тры дзяржаўныя “раёнкі” Брэсцкай вобласці з наступнага года губляюць самастойнасць
З 1 студзеня 2023 года раённыя выданні “Голас часу”, “Сельская праўда” і “Савецкае Палессе” войдуць у склад камунальнага ўнітарнага інфармацыйнага прадпрыемства “Рэдакцыя Брэсцкай абласной газеты “Заря”. Дагэтуль заснавальнікамі дзяржаўных “раёнак” былі мясцовыя райвыканкамы, раённыя саветы дэпутатаў, а таксама працоўныя калектывы рэдакцый.
Як даведалася служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў, вынікам гэтай рэарганізацыі з’явіцца тое, што з наступнага года “Голас часу” (Маларыта), “Сельская праўда” (Жабінка) і “Савецкае Палессе” (Ганцавічы) будуць друкавацца раз на тыдзень як дадатак да абласной газеты “Заря”.
Рэдактарка маларыцкай “раёнкі” Святлана Максімук спадзяецца, што ў абноўленага фармату выдання чытачоў меней не будзе і сцвярджае: кожны з падпісчыкаў адзін раз на тыдзень усё роўна атрымае газету з мясцовымі навінамі. “Мы па-ранейшаму будзем расказваць пра жыццё ў глыбінцы, пра нашых землякоў, пра працу прадпрыемстваў раёна, пра гісторыю Маларытчыны і яе людзей, прапануем чытачу новыя цікавыя праекты”, — запэўнівае рэдактарка газеты “Голас часу”. Паводле яе слоў, атрымаўшы адначасова газету «Заря», падпісчыкі змогуць даведацца больш пра жыццё брэсцкага рэгіёна і не застануцца без тэлепраграмы на тыдзень.
Дарэчы, газета “Голас часу” існуе ўжо 77 гадоў і дагэтуль пытанне пра тое, каб газета выходзіла не як самастойнае выданне не ўзнікала. Прыблізна такая самая гісторыя ў ганцавіцкай і жабінкоўскай “раёнак”.
Між тым, адна дзяржаўная районная газета ў Брэсцкай вобласці знікла яшчэ год таму. З 1 ліпеня 2021 года выданне “Заря над Бугом”, заснавалькам якой быў Брэсцкі райвыканкам аб’ядналася з гарадской газетай “Брестский вестник”. Яшчэ раней, напрыканцы 2016 года, спыніла сваё існаванне і адзіная дзяржаўная абласная беларускамоўная газета “Народная трыбуна”, якую далучылі ўсё да таго ж выдання “Заря”.
Чытайце яшчэ:
Миграционная служба Латвии попросила «Дождь» объяснить, чем будут заниматься 13 сотрудников с визами после лишения телеканала лицензии на вещание
Супраць Ларысы Шчыраковай распачалі крымінальную справу. Яе сына возяць пад наглядам з прытулка ў школу
По делу TUT.BY будут судить пять человек. В Генпрокуратуре рассказали подробности уголовного дела