Тэлерадыёкампанія «Ранак» у Светлагорску фактычна разгромленая
Пасля затрыманняў, арыштаў і штрафаў перастала працаваць прыватная рэгіянальная тэлерадыёкампанія «Ранак» у Светлагорску. Услед за арыштамі супрацоўнікаў Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайта медыя, а 4 ліпеня суд Чыгуначнага раёна Гомеля сваім рашэннем прызнаў сайт і сацсеткі тэлеканала «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Усё пачалося з таго, што 9 чэрвеня сілавікі ГУБАЗіКа затрымалі дзевяць супрацоўнікаў «Ранак-медыя» і «Ранак-рэклама», якія рыхтавалі тэле- і радыёнавіны, выдавалі газету «Ранак-плюс» і займаліся рэкламай.
У ліку затрыманых журналіст Андрэй Ліпскі, аператар Павел Рабко, галоўны рэдактар Вадзім Вежнавец, аператар Уладзімір Папоў, маркетолаг Марына Бычкоўская, галоўны бухгалтар Алена Кісялёва, сакратарка Крысціна Казялькова. Яшчэ дзвюх супрацоўніц — Ганну Згурскую (цяжарная) і Лізавету Шавяленка (мае інваліднасць) — адпусцілі пасля складання пратаколаў. Усіх іх звінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў на падставе ч. 2 арт. 19.11 КаАП.
На трэці дзень затрыманых даставілі з ізалятара часовага ўтрымання ў суд Светлагорскага раёна. Ліпскага і Рабко пакаралі 7 суткамі адміністрацыйнага арышту з канфіскацыяй мабільных тэлефонаў, Вежнаўца і Папова — трыма суткамі арышту. Бычкоўскую, Кісялёву і Казялькову суд аштрафаваў на 25 базавых велічынь кожную (што адпавядае 925 рублям). Пазней пакаралі штрафам у 780 рублёў з канфіскацыяй мабільных тэлефонаў Згурскую і Шавяленка. Прычым, Згурская карысталася тэлефонам, узятым у крэдыт.
Пасля маштабнага ціску супрацоўнікі «Ранак-медыя» і «Ранак-рэклама» пачалі звальняцца, сярод іх і тыя, хто меў непасрэднае дачыненне да журналісцкай працы.
Афіцыйнай прычынай адміністрацыйнага пераследу супрацоўнікаў медыя назвалі нібыта подпісы на групу «Светлік. Светлагорск» у сацсетцы «Одноклассники», хоць яна, наколькі вядома, не ўнесеная ў спіс «экстрэмісцкіх».
Абазнаная ў сітуацыі крыніца схільная лічыць, што сапраўдны матыў палягае ў асвятленні тэлекампаніяй аварыі на заводзе беленай цэлюлозы Светлагорскага цэлюлозна-картоннага камбіната, якая здарылася 7 чэрвеня і ў выніку якой загінулі трое работнікаў завода. Тэлекампанія першай паведаміла пра надзвычайнае здарэнне з выбухам і чалавечымі ахвярамі.
Прыватная тэлерадыёкампанія «Ранак» была заснаваная ў Светлагорску два дзесяцігоддзі таму прадпрымальнікам Ігарам Кашлікавым. Высілкамі дырэктара неўзабаве тут утварылі яшчэ і прыватнае прадпрыемства «Ранак-рэклама». Займаліся рэкламай, паліграфіяй, СМІ. У рэгіёне ТРК стала заўважнай інфармацыйнай структурай. Паводле яе ўласных ацэнак, аўдыторыя кампаніі — гэта 100 тысяч жыхароў горада і раёна. Дарэчы, практыку інфармавання насельніцтва тэлерадыёкампаніяй вывучалі нават дэпутаты мясцовых саветаў, наведваючы створаны тут медыяхаб «Гарышча» (па-руску — «Чердак»).
Заснавальнік і ўласнік кампаніі Ігар Кашлікаў праз прэтэнзіі падатковай службы ў 2021 годзе пакінуў межы Беларусі, даверыўшы выконваць абавязкі кіраўніка галоўнаму рэдактару Вадзіму Вежнаўцу.
Страціўшы тэлемедыйныя функцыі, кампанія згубіла асноўную частку рэкламы — крыніцу свайго існавання.
Чытайце яшчэ:
Затрымалі журналіста Ігара Карнея
Іх імёнамі не названы. Як былыя прапагандысты трапляюць у апалу
Фатографа і журналіста Дзмітрыя Баяровіча разам з жонкай пачнуць судзіць 19 ліпеня