Тэлеграм-канал журналіста Дзмітрыя Навошы прызналі «экстрэмісцкім»
Медыяменеджар Дзмітрый Навоша стаў першым сярод беларускіх журналістаў, каго асудзілі завочна на падставе так званай «спецвытворчасці». Цяпер улады прызналі «экстрэмісцкім» яго публічны тэлеграм-канал «Навоша» з амаль 6 тысячамі падпісчыкаў.
Міністэрства інфармацыі Беларусі, якое не стамляецца папаўняць ведамасны спіс фізічных і юрыдычных апанентаў дзейнага рэжыму, паведаміла на сваім сайце аб прызнанні «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыі тэлеграм-каналу пад назвай «Навоша».
Удакладняецца, што адпаведнае рашэнне яшчэ 22 сакавіка прыняў суд Барысаўскага раёну Мінскай вобласці.
Пры гэтым няма звестак, якая менавіта структура выступала пазоўнікам, хоць звычайна падобнае навешванне ярлыкоў ініцыююць сілавікі.
Згаданы рэсурс належыць вядомаму спартыўнаму журналісту, экс-карэспандэнту газеты «Прессбол», сузаснавальніку парталаў Tribuna.com і Sports.ru Дзмітрыю Навошу, дзе ён каментуе аператыўныя навіны з розных сфер жыццядзейнасці. Напрыклад, апошні на гэты момант допіс ёсць рэакцыяй на заяву Крамля размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю.
Дзмітрый Навоша ўжо даўно на прыцэле беларускага «правасуддзя». 18 студзеня Мінскі гарадскі суд агучыў выракі ў межах так званай спецыяльнай вытворчасці па справе «Чорнай кнігі Беларусі». У ліку тых, каго пакаралі дыстанцыйна, быў і журналіст. Яму і чатыром іншым фігурантам – Яніне Сазановіч, Даніілу Багдановічу, Валерыі Занямонскай і Вользе Высоцкай – суддзя Наталля Бугук прызначыла па 12 гадоў калоніі і штрафы ў памеры 18 500 рублёў з кожнага.
Фігурантаў абвінавацілі паводле артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 («распальванне сацыяльнай варожасці») і ч. 3 арт. 203–1 («незаконныя дзеянні датычна персанальных дадзеных»). Усім інкрымінавалася дачыненне да адміністравання тэлеграм-канала, дзе апублічваліся персанальныя звесткі ініцыятараў і выканальнікаў гвалту супраць апанентаў рэжыму падчас масавых акцый пратэсту 2020 году.
Следчы камітэт Беларусі пачаў працэс «спецвытворчасці» пры канцы верасня 2022 года, а ўжо 10 кастрычніка справу перадалі пракурору для накіравання ў суд. Паралельна Камітэт дзяржбяспекі ўнёс фігурантаў у «спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», а Міністэрства ўнутраных спраў абвінаваціла іх у «экстрэмізме».
Цяпер прызналі «экстрэмісцкім» і асобна ўзяты тэлеграм-канал Дзмітрыя Навошы.
Як вынікае з маніторынгу праваабаронцаў, грамадзян Беларусі можна судзіць завочна на падставе паўсотні «экстрэмісцкіх» крымінальных артыкулаў. Істотна абноўлены закон развязвае рукі не толькі пракурорам і суддзям, а і службам, адказным за канфіскацыю маёмасці тых людзей, якія пакінул краіну з‑за рэальнай пагрозы пераследу. Акрамя таго, улады пагражаюць «збеглым» яшчэ адным радыкальным ноў-хаў – пазбаўленнем грамадзянства, аўтаматычна атрыманым пры нараджэнні.
Чытайце яшчэ:
Асуджанага карэспандэнта Белтэлерадыёкампаніі занеслі ў спіс «экстрэмістаў»
«Адчуваецца розніца ў падыходах гісторыкаў і журналістаў». Парады эксперта па працы са складанай тэмай
Асуджанага відэааператара Івана Мураўёва этапавалі ў бабруйскую калонію