Сёння суд разгледзіць справу аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыялаў сайта 1863x.com
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 25 жніўня пачнецца разгляд справы аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863x.com. Як стала вядома супрацоўнікам праваабарончага цэнтра "Вясна" (афіцыйна закрыты ўладамі ў 2003 годзе), суд будзе праходзіць у адкрытым рэжыме, пачатак пасяджэння прызначаны на 14.00.
Нагадаем, 16 жніўня прэс-сакратар Вярхоўнага суда Беларусі Юлія Ляскова паведаміла, што крымінальная справа беларускага блогера, заснавальніка сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса, перададзеная ў Мінскі гарадскі суд. Дата пачатку слуханняў і фармат пасяджэння тады не анансаваліся.
Эдуарда Пальчыса, вядомага як Джон Сільвер, абвінавачваюць у распальванні варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК).
Аб затрыманні ў Расіі Пальчыса стала вядома ў канцы студзеня гэтага года. Высветлілася, што ён утрымліваецца ў турме Бранска. Паведамлялася таксама, што беларус быў затрыманы 23 студзеня ў Бранскай вобласці пры перасячэнні расійска-ўкраінскай мяжы. Пальчыс быў этапаваны ў Беларусь.
Сайт www.1863x.com быў створаны прыблізна два гады таму. На ім публікаваліся палітычныя тэксты, нярэдка з крытыкай уладаў Беларусі і Расіі. Стваральнік рэсурсу вёў яго на ўмовах поўнай ананімнасці. Адзіным сродкам сувязі з рэдактарам быў інтэрнэт, з дапамогай якога ён меў зносіны з аўтарамі і даваў інтэрв‘ю. У лістападзе 2015 году Джон Сільвер напісаў: «Роўна паўгода таму, 5 мая 2015 года, я быў затрыманы аператыўнай групай спецслужбаў, месяц правёў у «псіхушцы», на мяне завялі дзве крымінальныя справы, і ў пачатку кастрычніка 2015 года мне давялося пакінуць Беларусь». Вядома, што ён знаходзіўся ва Украіне. З тых часоў сайт не абнаўляўся.
Прадстаўнікі дэмакратычных партый і арганізацый Беларусі, а таксама праваабаронцы лічаць справу блогера палітычнай і заклікаюць прызнаць яго вязнем сумлення і палітзняволеным.