• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сёння 500 дзён, як рэдактары «Нашай Нівы» ў засценках

    Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч раздзялілі долю многіх са сваіх чытачоў. 

    Вось цытаты з лістоў Андрэя Скурко

    …Будзем помніць выслоўе псіхолага: няправільнае пытанне — чаго я хачу ад свету, правільнае — чаго свет хоча ад мяне.

    …Год ужо прайшоў, як я па-за домам. Такое дзіўнае адчуванне — нібыта кіно.

    Мы ўсе ёсць адны ў адных, гэта самае галоўнае.

    Падумалася: мы-то, наша пакаленне, і не разлічвалі ні на якія прыгоды, а так фантастычна лёсы складаюцца. І колькі ўсяго яшчэ, дасць Бог, пабачым за свой век.

    …Вось яшчэ якую сістэму абароны псіхікі для сябе сфармуляваў: не перажываць за тое, на што ніяк не можаш паўплываць і здзяйснення чаго ніякімі сваімі дзеяннямі не справакаваў. Мы гэта абмяркоўвалі, і такое стаўленне, у тым ліку, дазволіла нам прасцей прайсці гэты год.

    …Я таксама спадзяюся на гэтую восень. А як не — то на зіму. А як не на зіму — то на вясну ) Проста беражэм здароўе і захоўваем спакой. Крок за крокам мы пройдзем гэты няпросты шлях, усё пераадолеем і зноў будзем разам.

    …Сёння чытаў Гарэцкага — апавяданні, дзённік з паездкі ў Сібір у 1926 годзе (добраахвотнай). Алесь Адамовіч у прадмове (цікава адзначаць, як ён у 1984 годзе паўнамёкамі пісаў пра нядобраахвотныя паездкі Гарэцкага на Вятку і ў Пясочню — пра «жыццёвыя віхуры») — адзначае, што Гарэцкі ў нейкай меры даў штуршок пазнейшай прозе: Быкаву, Брылю, Мележу (і кожнаму — у розным: у ваеннай прозе, абразках лірычных, сялянскім эпасе). Цікава яшчэ, што Гарэцкі вельмі любіў Баркулабаўскі летапіс і мог па памяці цытаваць. Яшчэ мяне ўразіла, колькі ў яго ранніх рэчах готыкі, накшталт як у Яна Баршчэўскага. (Зрэшты, і яго сучаснік Ластоўскі ў «Лабірынтах» з готыкай эксперыментаваў.) Магчыма, Гарэцкі свядома спрабаваў пісаць па-гогалеўску. «Страшная музыкава песня» дык наўпрост перагукаецца з гісторыяй Хамы Брута і панначкі-вядзьмаркі. Толькі ў Гарэцкага менш барочна выйшла. А ў «Руінах» апісаны сон, пабачаны пасля наведвання музея — яўна Луцкевічавага. Цікава знаходзіць такія адсылкі да рэальнасці.

    …Як добра ты згадала з Франкла, што аснова чалавечнасці — гэта любоў і работа! Гэтыя два складнікі напаўняюць зместам наша жыццё — асабліва ясна адчуваю гэта апошні год.

    Такое адчуванне, што апроч іх у жыцці нічога і няма. Ды і не трэба. Ну яшчэ, канечне, вандроўкі — і ўсё іншае, кніжкі, фільмы — але гэта можна разглядаць як складнікі «любові». А цярпенне і ўвагу да здароўя — як частку «работы».

    Чытайце яшчэ:

    Як журналістам працаваць з транзітнымі ўцекачамі. Асабісты досвед

    Беларусы змогуць глядзець футбольныя матчы чэмпіянату свету. Але не па тэлевізары

    Галоўную літаратурную прэмію Беларусі сёлета прысудзілі кнізе журналіста пра разбурэнне гістарычнага Мінска. Чаму яе варта прачытаць?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці