• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сяргей Ваганаў: Нерэнтабельнае імя, альбо Зона камфорту ў зоне

    Падобная з’ява існавала і ў маштабах Беларусі — імёны шэрагу беларускіх журналістаў былі вядомыя ці не ў апошняй хаце на ўскрайку беларускіх вёсак. Вядомыя вастрынёй праблем, якія ўздымалі, глыбінёй пранікнення ў іх сутнасць, літаратурным майстэрствам — складнікаў такой вядомасці шмат. Але перш-наперш тым, што пісалі пра блізкае людзям, пазнавальнае і хвалюючае, ад чаго залежала іх жыццё, убудаванае ў жыццё паміраючай дзяржавы… Хаця ідэалагічны ціск у параўнанні з “цэнтральнай”, так бы мовіць, прэсай у Беларусі быў куды больш моцны і жорсткі.

    А сёння? Спытайце на вуліцах гарадоў, каля заводскіх прахадных альбо ў вяскоўцаў, каго з сучасных журналістаў яны ведаюць і любяць, чые артыкулы з нецярплівасцю чакаюць… Спыталі? Штосьці канкрэтнае пачулі ў адказ?

    Вось парадокс: у інтэрнэце, дзе, развітаўшыся з паперай, атабарылася большасць незалежных СМІ, пры мільённых праглядах сайтаў найбольш папулярных інтэрнэт-выданняў ды інтэрнэт-парталаў вядомасць журналістаў, штатных і пазаштатных, якія ствараюць, так бы мовіць, кантэнт, абмяжоўваецца прафесійным журналісцкім ды апазіцыйна-палітычным коламі. Дакладней, колам, бо цяжка правесці паміж імі адметную рысу. Не дзіва, што найбольш вядомыя і ў наведнікаў інтэрнэт-СМІ, і ў нашым журналісцкім асяродку прадстаўнікі так званай палітычнай журналістыкі. Так званай, бо яна — выбачайце, гэта маё асабістае меркаванне — як бы і не зусім журналістыка, а збольшага нагадвае знакамітыя «пікейныя камізэлькі”, якія плятуць сетку павярхоўных канспіралагічных версій з агульнавядомых падзей і фактаў. Ёсць, безумоўна, сярод прадстаўнікоў гэтай плыні асы, якія набліжаюцца да вяршынь паліталогіі. Але, зноў жа, у абмежаваным коле вядомасці.

    У газеце «Труд» в Беларуси”, якую на пачатку 2000‑х мне давялося рэдагаваць, працаваў журналіст — ён лёгка, без асаблівай творчай напругі, ствараў неблагія палітычныя тэксты. Аднойчы я папрасіў яго з’ездзіць на буйное магілёўскае прадпрыемства, разабрацца ў канфлікце, выкліканым сістэмнай сацыяльнай праблемай. Тэкст, які ён у выніку напісаў, быў абсалютна бездапаможным. Але ж была, была магчымасць напісаць артыкул, пасля публікацыі якога імя аўтара ведаў бы ўвесь Магілёў, мо нават краіна…

    А навошта? Навошта, «каб ведаў»?

    Мо калісьці і будзе разгаданая загадка трываласці існуючага палітычнага рэжыму, акрамя нагнаўшых аскому тлумачэнняў кшталту «не той народ» альбо непераўзыдзеных магчымасцяў спадарыні Ярмошынай…  Для мяне сярод уяўных і схаваных прычын відавочнай з’яўляецца адна: постсавецкая незалежная журналістыка кінула свой народ.

    Гаворка не пра «барыкадную» журналістыку сярэдзіны 90‑х — пачатку 2000‑х гадоў, хаця менавіта з яе пачала пашырацца прорва. Тады журналістыка кінулася ў іншы бок — у бок заходніх стандартаў,  разлічаных на спелую грамадскую супольнасць, на дэмакратычныя механізмы ва ўзаемадзеянні грамадства і ўлады. У выніку сённяшняя наша журналістыка, не паспеўшы стаць «чацвёртай уладай», ахвотна ператварылася ў «сферу абслугоўвання».

    Што тычыцца дзяржаўных СМІ, усё зразумела: абслугоўванне ўлады — адзіная крыніца іх існавання. Але чаму незалежныя СМІ адзінай, лічыце, крыніцай свайго існавання, дакладней, выжывання, таксама абралі гэтую сферу?

    Як толькі незалежная журналістыка аб’явіла сваёй галоўнай, а насамрэч, адзінай задачай інфармаванне чытача пра падзеі, факты, навіны, маўляў, чытач сам разбярэцца, што да чаго, адразу з’явіўся не столькі чытач, сколькі спажывец інфармацыі. У чым адрозненне? Чытач — думае, спажывец з аднолькавай цікавасцю ўспрымае паведамленні пра жудаснае забойства і пра даўжыню пеніса. Нават эмацыйнае ўспрыманне амаль аднолькавае…

    Мо хто вырашыць, што я заклікаю разжоўваць інфармацыю, укладваць у чытацкія галовы свае думкі і меркаванні. Не. Тут справа куды больш паважлівая да чытача — стварыць з яго суразмоўцу. То бок чытача, які думае, які далучаны да хвалюючага працэсу пошуку адказаў на вострыя пытанні жыцця.

    «Я так думаю» замест «я так лічу»… Вось якога чытача згубіла сённяшняя незалежная прэса.

    Між тым адрадзіць яго магчыма толькі адным шляхам — шчырай цікавасцю да ягоных уласных думак і рэальных праблем, звязаных з палітыкай уладаў, ад якіх наўпрост ці ўскосна залежыць яго жыццё.

    Так, гэта вельмі складана — праз пераадольванне закрытасці рэжыму і чынавенства — ягонага абслугоўваючага персанала, праз частакол са шматлікіх ахоў і забаронаў дастукацца да чытача, разам з ім выявіць узаемасувязь фактаў з глебай, на якой яны выраслі, са з’явамі, якія іх нарадзілі.  Нават рыхтуючы звычайную інфармацыю, журналіст павінен ведаць і разумець гэтыя ўзаемасувязі. Інакш — павярхоўнасць. Ці яшчэ горш — маніпуляцыя…

    Я з вялікай павагай стаўлюся да заслуг Юрыя Зісера ў стварэнні сучаснай беларускай інтэрнэт-журналістыкі. І з вялікім інтарэсам праслухаў ягонае нядаўняе інтэрв’ю. Асаблівую цікавасць выклікаў у мяне адказ на пытанне, чаму на TUT.BY няма расследаванняў. Па-першае, гэта ў нашай краіне небяспечна, а па-другое — працаёмка, займае тыдні, месяцы працы. Навошта, пытаецца стваральнік і ўласнік папулярнага інтэрнэт-партала, марнаваць “чалавека-месяцы” на расследаванне, якое мала хто прачытае ў параўнанні з цікавымі навінамі?

    Пакіну ў баку ўвесь ланцуг прычын, што прывялі да такога неаспрэчнага з пункту гледжання бізнесу стаўлення да журналістыкі. Але чаму тады здзіўляцца катастрафічнаму збядненню на жанры?!

    І, адпаведна, адсутнасці шырокавядомых журналісцкіх імёнаў…

    І, адпаведна, зніжэнню павагі да журналістыкі як да эфектыўнага сацыяльна-грамадскага інструмента…

    Дзе яны, сучасныя каралі рэпартажу, нарыса, фельетона? Нехта хітра перамясціў гэтыя спакон вякоў журналісцкія жанры ў літаратурныя, пакінуўшы журналістыцы ролю нейтральнага рэгістратара бягучых падзей. Так, нарыс і фельетон патрабуюць літаратурнага майстэрства. А хто сказаў, што яго не патрабуюць звычайная інфармацыя альбо інтэрв’ю? З якіх гэта часоў літаратурнае майстэрства перастала быць абавязковым складнікам нашай прафесіі?!

    Часцяком можна пачуць пра непераадольныя своеасаблівасці інтэрнэту, якія нібыта ствараюць для незалежных СМІ новыя ўмовы існавання і выжывання. У некаторай ступені гэта так. Але ж галоўным застаецца адно — пра што мы пішам, і як…

    Я ведаю толькі два шляхі набыцця папулярнасці, і, адпаведна, фінансавай самастойнасці незалежным СМІ ў грамадстве: праз імёны журналістаў, маўляў, чытаю гэтае СМІ, бо там працуе імярэк, і праз кашу з карыснай, у лепшым выпадку, а збольшага “жоўтай” інфармацыі, то бок праз патуранне спажывецкім густам чытачоў, дакладней, наведвальнікаў сайтаў.

    На жаль, беларуская інтэрнэт-журналістыка абрала другі шлях. І даволі ўтульна пачувае сябе ў зоне ўнутранага камфорту.

    Што парадаксальна — у зоне з яе штрафамі, прысудамі і пераследам журналістаў.

    Мо хто памятае, калі і дзе супраць пераследу журналістаў і СМІ пратэставалі іх чытачы?

    Я памятаю: пратэставалі. І «за», і «супраць».

    Чытачы «Народнай Волі» — аскепка журналістыкі савецкіх часоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці