Суды у Магілёве: журналісты зноў атрымалі вялізныя штрафы
Суд Ленінскага раёна Магілёва 19 сакавіка разгледеў адміністрацыйныя справы журналістаў-фрылансераў Аліны Скрабуновай і Аляксандра Сідарэўскага.
Суддзі Аксана Ратнікава і Алена Літвіна пакаралі журналістаў максімальнымі штрафамі за парушэнне ч. 2 арт. 22.9 КаАП — за незаконны выраб прадукцыі СМІ.
Скрабунова і Сідарэўскі на слуханнях не прысутнічалі. Яны напісалі ў суд заявы пра тое, што вінаватымі сябе не лічаць, удзельнічаць у працэсах не будуць з‑за пагрозы распаўсюду каранавіруса, а таксама ў сувязі з дрэнным самаадчуваннем, і папрасілі разгледзець справы без іх прысутнасці.
Як пасля патлумачылі абодва журналісты, апошнім часам колькасць такіх судовых працэсаў занадта ўзрасла, а вынік іх стаў загадзя вядомым, якія б довады пра канстытуцыйнае права на свабодны распаўсюд інфармацыі не прыводзіліся. Таму яны не бачаць сэнсу ў іх удзельнічаць.
На разглядзе справы Скрабуновай прысутнічалі сябры ГА “БАЖ” Уладзімір Лапцэвіч і Барыс Вырвіч, праваабаронца Барыс Бухель і сябра ГА “БАЖ” Міхаіл Аршынскі назіралі за судовым слуханнем справы Сідарэўскага.
І Скрабуновай, і Сідарэўскаму ў віну паставілі тое, што яны нібыта ўдзельнічалі “ў незаконным вырабе прадукцыі сродку масавай інфармацыі” без акрэдытацыі, калі 20 лютага здымалі сюжэт пра суд над грамадскім актывістам з Магілёва Станіславам Паўлінковічам. Увечары таго ж дня відэасюжэт пад назвай “Суды над абаронцамі незалежнасці ў Беларусі” быў паказаны на тэлеканале “Белсат”.
У якасці сведкі па справе Скрабуновай выступіў супрацоўнік Дэпартамента аховы МУС Вячаслаў Грыц. Міліцыянт распавёў, што, знаходзячыся на пасту ў будынку Ленінскага райсуда, бачыў, як Скрабунова брала інтэрв’ю ў Бухеля і Паўлінковіча, а Сідарэўскі здымаў відэа. У якасці доказу былі прыведзеныя запісы з камер відэаназірання на будынку суда.
Суддзя Ратнікава зачытала матэрыялы справы, а таксама прагледзела відэа з вытрымкай праграмы “Аб’ектыў” на “Белсаце”, дзе Бухель і Паўлінковіч распавядаюць пра свае ўражанні наконт судовага працэсу 20 лютага. Пасля дваццаціхвіліннага перапынку суддзя Ратнікава зачытала пастанову, у якой Скрабунова прызнаецца вінаватай у тым, што “ўдзельнічала ў вырабе прадукцыі СМІ”. За парушэнне ч. 2 арт. 22.9 КаАП журналістка пакараная штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1350 рублёў).
Праз паўгадзіны аналагічнае рашэнне вынесла суддзя Алена Літвіна ў дачыненні відэааператара Аляксандра Сідарэўскага. Суддзя Літвіна прыйшла да высновы, што Сідарэўскі “фактычна выконваў функцыі журналіста замежнага СМІ”, і таксама пакарала фрылансера штрафам у 50 базавых велічынь за парушэнне ч. 2 арт.22.9 КаАП.
Цікава, што ў лістападзе 2018 года суддзя Алена Літвіна, разглядаючы падобную справу Аліны Скрабуновай і відэааператара Міхаіла Аршынскага, указала на няслушную дыспазіцыю ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні (“удзел у вырабе прадукцыі СМІ”, хоць у Адміністрацыйным кодэксе гаворка ідзе пра “выраб прадукцыі СМІ”) і вярнула справу ў міліцыю на дапрацоўку.
Зараз падобныя нюансы ўжо чамусьці не турбавалі высокі суд. На пытанне Барыса Бухеля на гэты конт суддзя Літвіна нічога не адказала.
Зусім нядаўна Скрабунова і Сідарэўскі ўжо прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці Кастрычніцкім райсудом Магілёва паводле арт. 22.9. Суд пакараў іх штафамі за станоўчы рэпартаж пра юбілей Магілёўскага тралейбуснага парка. Журналісты абскардзілі рашэнні райсуда ў Магілёўскім абласным судзе.
Не выключана, што эпапея са штрафамі для магілёўскіх журналістаў-фрылансераў хутка атрымае працяг.
19 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва павінна была разглядацца адміністрацыйная справа Міхася Аршынскага. Праваахоўнікі затрымалі яго 12 сакавіка, прымусова завезлі ў Кастрычніцкі РАУС і склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле артыкула 22.9 КаАП. У віну Аршынскаму паставілі здымкі акцыі пратэсту супраць падвышэння коштаў на бензін, якая праходзіла 8 лютага ў Магілёве. Тады ж журналісту выпісалі позву ў суд на 19 сакавіка, але 18-га прыйшло sms-паведамленне з суда, што разгляд справы перанесены на 27 сакавіка.
Журналістку Дар’ю Чульцову 19 сакавіка ў двары яе дома спынілі супрацоўнікі міліцыі і ўручылі позву з патрабаваннем з’явіцца ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва 20 сакавіка а 10 гадзіне. Журналістка мяркуе, што ёй таксама паспрабуюць паставіць у віну асвятленне акцыі пратэсту супраць падвышэння коштаў на бензін.