• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Судовы працэс у «справе БелаПАН» прыпынены як найменш на 2 месяцы

    Прычынай стала аднаўленьне «працэсуальных дзеяньняў». У адносінах да каго яны праводзяцца альбо будуць праводзіцца, невядома.

    «Справу БелаПАН» пачаў разглядаць 6 чэрвеня ў закрытым рэжыме Менскі абласны суд. Абвінавачаныя:

    • Андрэй Аляксандраў, 44 гады, намесьнік дырэктара ў 2014–2018 гадах

    • Ірына Злобіна, 33 гады, дзяўчына Андрэя Аляксандрава

    • Дзьмітры Наважылаў, 49 гадоў, дырэктар БелаПАН у 2018–2021 гадах

    • Ірына Леўшына, 56 гадоў, галоўны рэдактар — дырэктар БелаПАН

    Усіх чацьвярых беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.

    4 красавіка сёлета Генэральная пракуратура паведаміла, што Аляксандраву і Злобінай ставіцца ў віну «падрыхтоўка з 14 жніўня 2020 па 12 студзеня 2021 ня менш як 260 асоб для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, шляхам аплаты адміністрацыйных штрафаў, рахункаў за харчаваньне ў месцах утрыманьня і адбываньня адміністрацыйных арыштаў, рахункаў за паслугі адвакатаў, якія ўдзельнічаюць у адміністрацыйных і крымінальных працэсах, а таксама аказваюць іншую юрыдычную дапамогу».

    Ім жа інкрымінуецца «аказаньне дапамогі замежнай арганізацыі „БАЙХЭЛП“ і яе прадстаўнікам у дзейнасьці, накіраванай на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».

    Аляксандраву, Наважылаву і Леўшынай ставіцца ў віну «стварэньне з ьліку работнікаў ЗАТ „БЕЛАПАН“ і іншых асоб групы грамадзян, якая ў 2020–2021 гадах ажыцьцяўляла экстрэмісцкую дзейнасьць у выглядзе стварэньня і разьмяшчэньня на інтэрнэт-рэсурсах ЗАТ „БЕЛАПАН“ матэрыялаў з прыкметамі экстрэмізму, а таксама кіраўніцтва такім фармаваньнем».

    Аляксандраву і Наважылаву інкрымінуецца «ўхіленьне ад выплаты ЗАТ „БЕЛАПАН“ падаткаў пры спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня за 2015–2020 гады і падаходнага падатку з фізычных асоб за люты 2015 — красавік 2021 шляхам утойваньня, наўмыснага заніжэньня падатковай базы і ўнясеньня ў падатковыя дэклярацыі заведама ілжывых зьвестак, што пацягнула прычыненьне дзяржаве ўрону каля 450 тыс. рублёў».

    • 1 лістапада 2021 года КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваньнем» «групу грамадзян зь ліку супрацоўнікаў інфармацыйнага агенцтва ЗАТ «БелаПАН». Пра гэта стала вядома 12 лістапада. У той жа дзень, каб пазьбегнуць пагрозы перасьледу супрацоўнікаў, што заставаліся на волі, дзейнасьць БелаПАН была прыпыненая.

    • «Справа БелаПАН» увасабляе тое, як незалежныя СМІ ў Беларусі «былі задушаныя» пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў рамках распачатай уладамі «жорсткай кампаніі па прыгнечаньні іншадумства», заявіла дырэктар Amnesty Inter­na­tion­al па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стратэрс пасьля пачатку судовага працэсу.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці