• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд не задаволіў апеляцыю распрацоўніка сайтаў для СМІ і дзяржустаноў Багдана Караўца

    19 траўня Мінскі гарадскі суд разглядаў скаргі заснавальніка кампаніі па распрацоўцы сайтаў Багдана Караўца і трэнеркі па этыкеце і бізнэс-камунікацыях Аксаны Зарэцкай. Абодвух пакаралі зняволеннем за ўдзел у масавых акцыях пратэсту 2020 году. 

    Як вынікала з апублікаванага анонсу, адвакаты абвінавачаных абскарджвалі вырак суда Маскоўскага раёну Мінска, які на падставе арт. 342 Крымінальнага кодэкса («арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») прысудзіў рэальныя тэрміны зняволення: Багдану Караўцу – 2 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Аксане Зарэцкай – 1,5 года.      

    Такое рашэнне ў адносінах да палітвязняў 14 сакавіка агучыла суддзя згаданай установы Кацярына Мурашка

    Крыху больш чым праз два месяцы прызначаная на разгляд апеляцыйнай скаргі суддзя Мінгарсуда Вера Галаўкова не знайшла падставаў, каб засумнявацца ў кампетэнтнасці сваёй калегі і пакінула ранейшы вердыкт у сіле. Гэта значыць, што неўзабаве Багдана Караўца і Аксану Зарэцкую этапуюць з СІЗА №1 Мінска ў папраўчыя ўстановы, вызначаныя Дэпартаментам выканання пакаранняў. 

    Бізнэсовец Багдан Каравец і культуралагіня, сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Аксана Зарэцкая – медыйныя асобы, да якіх журналісты звярталіся па каментарыі па профільных тэмах, а кліенты атрымлівалі якасныя паслугі.  

    Кампанія па распрацоўцы праграмнага забеспячэння Astron­im, заснаваная Багданам Караўцом, добра вядомая дзяржаўным установам краіны – ад асветніцкіх да сілавых. У партфоліё фірмы адсылка на дзясяткі бюджэтных структураў, якія скарысталіся паслугамі фірмы для замовы карпаратыўных сайтаў і іх доўгатэрміновага абслугоўвання.  

    У пераліку кліентаў – скрозь пазнавальныя інтэрнэт-адрасы: Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал (pravo.by), пошукавая сістэма па заканадаўству «Эталон Online», адзіная разліковая інфармацыйная прастора (АРІП), Камітэт дзяржбяспекі, інтэрнэт-платформа Міністэрства надзвычайных сітуацый, сацыяльна-сервісны праект МУС «Перахоп», ваенна-прамысловае прадпрыемства «Пеленг», Нацбанк з асноўнымі дзяржаўнымі і камерцыйнымі банкамі, статыстычны дзяржпартал з рэгіянальнымі падсайтамі, сайт Беларускай энэргасістэмы, Нацыянальны цэнтр абмену трафікам, Нацыянальная бібліятэка, «Белпошта», нават партал так званай саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі.   

    Гэтаксама ў багажы рознагаліновыя старонкі камерцыйных вытворцаў, гандлёвых сетак, інтэрнэт-крамаў, а таксама медыйныя праекты, уключна з сайтам ужо ліквідаванага парталу Tut.by.   

    За стварэнне бездакорнага інтэрнэт-прадукту кампанія Astron­im стабільна атрымлівала ўзнагароды ў конкурсах «Рэйтынг Байнэту» і нацыянальнай прэміі TIBO. Але аднаго падазрэння ў «нелаяльнасці» да сістэмы стала дастаткова для таго, каб «абнуліць» усе папярэднія поспехі дасведчанага бізнэсоўца.   

    Багдана Караўца і Аксану Зарэцкую затрымалі 24 кастрычніка 2022 года ў межах крымінальнай справы аб актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Амаль пяць месяцаў да суда яны зняходзіліся ў следчым ізалятары сталіцы.

    Праваабарончая супольнасць прызнала іх палітычнымі вязнямі.   

    Працэс пачаўся сёлета 10 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. Падчас спрэчак адвакаты падкрэслівалі, што інкрымінаванае «злачынства» адбылося больш за 2 гады таму, з таго часу фігуранты закону не парушалі, працавалі на карысць грамадству і не з’ехалі з краіны, нягледзячы на такую магчымасць. У якасці змякчальных абставінаў адсылалі да сямейных складанасцяў абодвух абвінавачаных. 

    У бацькі Аксаны Зарэцкай праблемы са здароўем, яна гадуе дваіх дзяцей. Багдан Каравец выхоўвае дзіця з інваліднасцю. Акрамя таго, у якасці хадайніцтваў да матэрыялаў справы былі далучаныя шматлікія станоўчыя характарыстыкі з розных месцаў працы. 

    Аднак суддзя Кацярына Мурашка праігнаравала ўсе прыведзеныя аргументы і прызнала палітзняволеным рэальныя тэрміны з накіраваннем у папраўчыя ўстановы. 

     

    Чытайце яшчэ:

    Прасоўваць кантэнт праз Tinder і білборды. Журналісты Беластока абмеркавалі, як дагрукацца да аўдыторыі ў Беларусі

    Чаму Маркаў не Салаўёў. Чым адрозніваецца беларуская і расійская прапаганда

    «Як пісаў кардынал Рышэльё, цярпеннем можна ўсё пераадолець». Яшчэ трохі мудрасці ад Андрэя Скурко

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці